2017-06-17 10:25:00

Папа развітаўся з прадстаўніком англікан пры Святым Пасадзе


Францішак сустрэўся 16 чэрвеня 2017 г. з прадстаўніком Архіепіскапа Кентэрберыйскага пры Апостальскай Сталіцы і кіраўніком Англіканскага цэнтра ў Рыме, архіепіскапам Дэвідам Моксанам, з нагоды завяршэння яго місіі ў Ватыкане. Іерарх выконваў гэта служэнне на працягу апошніх чатырох гадоў і цяпер накіруецца ў сваю родную епархію ў Новай Зеландыі.

Паводле яго слоў, гэты перыяд быў часам вялізарнага паскарэння экуменічных адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Англіканскай Царквой. Экуменічны баланс трываючага пантыфікату з’яўляецца вельмі станоўчым, што, у першую чаргу, тычыцца супрацоўніцтва ў сферы евангелізацыі і дабрачыннай дзейнасці, заўважыў архіепіскап у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Гаворачы пра збліжэнне ў разуменні тэалагічных пытанняў, іерарх асаблівым чынам адзначыў стварэнне Францішкам спецыяльнай камісіі па вывучэнні ролі дыяканэс у ранняй гісторыі хрысціянства. 

На думку архіепіскапа Моксана, асоба Папы, як тэолага, эклезіёлага і місіёлага, мае вялізарнае значэнне і выяўляцца ў яго адкрытасці, гасціннасці і пошуку адзінства сярод хрысціян. Адначасова ён звярнуў увагу на ўклад Архіепіскапа Кентэрберыйскага Джасціна Уэлбі ва ўмацаванне ўзаемных кантактаў паміж супольнасцямі.

“Яны абодва ўсведамляюць, што мы маем вялікі скарб, які захоўваецца ў гліняных начыннях. І хоць часам маем паміж сабой вялізарныя цяжкасці, але Святы Дух дае нам, няглядзячы ні на што, ласку супрацоўніцтва, каб паступова іх пераадольваць”, - сказаў іерарх. 

Архіепіскап Дэвід Моксан быў прызначаны афіцыйным прадстаўніком Архіепіскапа Кентэрберыйскага пры Апостальскай Сталіцы і кіраўніком Англіканскага цэнтра ў Рыме ў снежні 2012 г.. Яго наступнікам на гэтай пасадзе стане бурундзійскі англіканскі іерарх, архіепіскап Бернард Нтахатуры.








All the contents on this site are copyrighted ©.