cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Пантыфік: Эўхарыстыя – гэта сакрамэнт адзінства

Пантыфік: Эўхарыстыя – гэта сакрамэнт адзінства - AFP

19/06/2017 10:30

Францішак узначаліў 18 чэрвеня 2017 г. літургію з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Пантыфік упершыню зрабіў гэта ў нядзелю, а не ў чацвер, як прадпісана літургічным календаром. Ён прыняў такое рашэнне, каб у св. Імшы і эўхарыстычнай працэсіі магло прыняць удзел больш святароў і вернікаў, і каб не ствараць нязручнасцяў для руху транспарту ў працоўны дзень. Літургія адбылася перад рымскай базылікай св. Яна на Латэране.

У сваёй гаміліі Пантыфік падкрэсліў, што Эўхарыстыя, гэта “сакрамэнт памяці”. Яна нагадвае аб гісторыі любові Бога да чалавека. Як пілігрымуючы па пустыні народ, таксама і сучасныя хрысціяне патрабуюць памяці аб вялікіх справах Пана, каб іх вера была жывой і прыносіла плёны. Прапаведнік адзначыў, што перашкодай для гэтага з’яўляецца хуткі і павярхоўны лад жыцця, пазначаны пагоняй за навінай. Менавіта ў гэты свет прыходзіць Езус з любячай уразлівасцю, якой з’яўляецца Эўхарыстыя, каб аздаравіць памяць людзей.

“Эўхарыстыя – гэта напамін любові Бога. У ёй “аднаўляем памяць Яго мукі”, любові да нас, якая з’яўляецца нашай сілай, падтрымкай у нашым пілігрымаванні”, - падкрэсліў Папа. Ён дадаў, што ў “Эўхарыстыі змешчаны ўвесь смак словаў і жэстаў Езуса, водар Яго Пасхі, духмянасць Яго Духа. Калі прымаем яе, у наша сэрца ўваходзіць упэўненасць, што з’яўляемся любімымі Ім”.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што Эўхарыстыя, гэта сакрамэнт адзінства. Хто яго прымае, не можа не быць будаўніком адзінства, бо ў яго “духоўным ДНК” нараджаецца імкненне да стварэння еднасці, сцвердзіў Францішак. “Няхай гэты хлеб адзінства вылечыць нас ад амбіцый панавання над іншымі, ад эгаістычнай прагнасці, ад распальвання варожасці і распаўсюджвання крытыкі; няхай абудзіць у нас радасць любові без суперніцтва, зайздрасці і ачарняючых плётак”, - пажадаў ён.

Пасля св. Імшы адбылася ўрачыстая эўхарыстычная працэсія ад базылікі св. Яна на Латэране да базылікі Санта-Марыя-Маджорэ. У адрозненні ад папярэдніх гадоў, калі Найсвяцейшы Сакрамэнт везлі на платформе спецыяльна абсталяванага аўтамабіля, сёлета яго неслі чатыры свецкія супрацоўнікі Папскага дома на адмысловай падстаўцы з балдахінам, падсвечанай і ўпрыгожанай кветкамі. Спачатку Францішак назіраў за працэсіяй ад алтара, на якім перад гэтым цэлебраваў Эўхарыстыю, а затым прыехаў на аўтамабіле да базылікі Санта-Марыя-Маджорэ, дзе ўдзяліў удзельнікам ўрачыстасці благаслаўленне.

 


19/06/2017 10:30