2017-06-19 11:34:00

Францішак: Ружанец – моцная прылада, якая нясе спакой


Ружанец – гэта моцная прылада, якая нясе спакой у нашы сэрцы, а таксама ў Касцёл і свет, адзначыў Францішак у відэапасланні, якое скіраваў 18 чэрвеня 2017 г. з нагоды адкрыцця новай мазаікі ў алтарнай частцы санктуарыя Маці Божай з Та’Піну, на востраве Мальта. Спасылаючыся на марыйную тэматыку мастацкіх твораў, Папа падкрэсліў, што яны нагадваюць пра простую і прыгожую малітву, якая даступна ўсім, вялікім і малым: малітву святога Ружанца.

“Я таксама часта малюся на Ружанцы перад мазаікай: маленькай мазаікай Маці Божай з Дзіцяткам, на якой здаецца, што ў цэнтры знаходзіцца Марыя, але на самой справе, Яна, выкарыстоўваючы свае рукі, становіцца як бы лесвіцай, праз якую Езус можа сыйсці да нас. У цэнтры заўсёды Езус, які прыніжаецца, каб крочыць з намі, людзьмі, каб мы маглі ўзыйсці на Неба з Ім”, - сказаў Папа.

Па словах Францішка, у ружанцовай малітве “мы звяртаемся да Панны Марыі, каб прывяла нас бліжэй да свайго Сына Езуса, каб мы маглі больш пазнаваць і любіць Яго”. Акрамя таго, гэта малітва “дапамагае нам сузіраць усё тое, што Бог, у сваёй любові, здзейсніў для нас і нашага збаўлення, дапамагае зразумець, што наша жыццё злучана з жыццём Хрыста”, дадаў ён.

Санктуарый Маці Божай з Та’Піну з’яўляецца галоўнай каталіцкай святыняй на Мальце. Яго будаўніцтва працягвалася з 1920 па 1931 гг. на месцы старажытнага храма, прысвечанага Унебаўзяццю Найсвяцейшай Панны Марыі. Напрыканцы XІХ ст. мясцовая сялянка пачула тут голас Маці Божай, пасля чаго ў ваколіцах адбываліся цудоўныя аздараўленні, звышнатуральны характар якіх быў пацверджаны Касцёлам. З таго часу Та’Піну з’яўляецца мэтай пілігрымавання шматлікіх вернікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.