2017-06-20 14:18:00

Пантыфік спачувае ў сувязі са смерцю кардынала Дыяса


Папа Францішак выказаў свае шчырыя спачуванні ў сувязі са смерцю індыйскага кардынала Івана Дыяса. Былы прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў памёр на 82-м годзе 19 чэрвеня 2017 г. у Рыме.

Святы Айцец прызнаўся, што быў “глыбока засмучаны, даведаўшыся пра смерць свайго дарагога брата”. Ён з удзячнасцю ўзгадвае гады служэння кардынала Апостальскай Сталіцы і ў якасці арцыбіскупа Мумбаю, калі ён прадэманстраваў сваё шырокае апостальскае бачанне. Францішак запэўніў у малітоўнай лучнасці з усімі, хто смуткуе з прычыны смерці кардынала і даверыў яго душу міласэрнай любові Бога.

Іван Дыяс нарадзіўся ў Бамбеі 14 красавіка 1936 г. У 1961 г. паступіў на дыпламатычную службу Апостальскай Сталіцы. У 1964 г. рыхтаваў гістарычны візіт Паўла VI у Індыю. У 1973-1982 г. у Дзяржаўным сакратарыяце кіраваў аддзелам які займаўся, сярод іншага, СССР, Польшчай, Кітаем, В’етнамам, Лаосам і Камбоджай. У 1991 г. быў прызначаны першым нунцыем у Албаніі.

У 1997 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго арцыбіскупам Мумбаю, самай вялікай архідыяцэзіі ў Індыі, а 21 лютага 2001 г. надаў яму кардынальскую годнасць. У 2006 г. Бэнэдыкт XVI вярнуў яго ў Ватыкан у якасці прэфекта Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Кардынал Дыяс заставаўся на гэтай пасадзе да 2011 г.

У цяперашні час Калегія кардыналаў налічвае 220 членаў, у тым ліку 116 кардыналаў-выбаршчыкаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.