2017-06-20 13:37:00

Пантыфік ушанаваў прадстаўніка сацыяльнага каталіцызму


Святы Айцец высока ацаніў працу і духоўнасць кс. Ларэнца Мілані. 20 чэрвеня 2017 г. ён наведаў парафію Барбіяна ў Фларэнтыйскай архідыяцэзіі – месца служэння прадстаўніка італьянскага сацыяльнага каталіцызму.

Францішак падкрэсліў абсалютную паслухмянасць святара, які ўспрыняў свой перавод у Барбіяна, як магчымасць “даць слова бедным, таму што без слова няма годнасці і, такім чынам, свабоды і справядлівасці”. Папа адзначыў, што права на слова трэба паставіць на адным узроўні з правам на “хлеб, дом, працу і сям’ю”.

Францішак прывітаў моладзь і педагогаў, падкрэсліваючы, што выхаванне сумлення накіравана на пошук праўды, прыгажосці і дабра, а таксама на адказнасць за свае рашэнні.

Святарам, прысутным на сустрэчы, Пантыфік пажадаў быць спадкаемцамі кс. Мілані, праца якога нарадзіліся з яго святарства. Ён дадаў, што “без тугі па Абсалюце можна быць выключна добрымі функцыянерамі культу, але не святарамі, сапраўднамі святарамі, здольнымі быць слугамі Хрыста ў іншых”. Францішак заклікаў духавенства любіць Касцёл з шчырасцю і праўдай, што часам можа ствараць напружанасць, але ніколі не раскол.

Пантыфік падкрэсліў, што сваім візітам у Барбіяна ён хацеў выказаць прызнанне святарскаму служэнню кс. Ларэнца Мілані – “душпастыра празрыстага і цвёрдага, як алмаз, які ўвесь час прапускае Божае святло на шляхах Касцёла”. “Вазьміце факел і нясіце яго наперад!”, - завяршыў прамову Папа.

Свой візіт Францішак завяршыў малітвай на магіле кс. Мілані, пасля чаго верталётам вярнуўся ў Ватыкан.

Кс. Ларэнца Мілані (1923-1967) быў выбітным прадстаўніком сацыяльнага каталіцызму, энтузіястам адукацыі для бедных, абаронцам права на супраціў сумлення. Святар быў таксама выбітным педагогам і публіцыстам.








All the contents on this site are copyrighted ©.