2017-06-20 11:41:00

Папа ў Бодзала пра пасіўнасць і сепаратысцкую актыўнасць


Наведванне горада Бодзала на тэрыторыі італьянскай дыяцэзіі Крэмона, месца працы кс. Прыма Мацалары, стала першым этапам прыватнага візіту папы Францішка ў паўночную Італію 20 чэрвеня 2017 г. Спасылаючыся на дзейнасць выдатнага пастыра, Святы Айцец звярнуў увагу на тры небяспечныя моманты святарскай працы: пасіўнасць, сепаратысцкую актыўнасць і звышнатуральнасць, адарваную ад чалавечага жыцця. Ён адзначыў, што святары павінны асцерагацца лабіравання каталіцкіх інтарэсаў і не кіравацца ў служэнні сяброўскімі сувязямі.

У сваёй прамове Францішак нагадаў, што кс. Мацалары называлі “пробашчам Італіі” і адзначыў, што духоўнасць гэтага святара з’яўляецца вялікім плёнам мясцовай супольнасці. Кажучы пра пакуты і неразуменне, якія спаткаў італьянскі душпастыр, Святы Айцец адзначыў, што такі лёс прарокаў. Ён імкнуўся да пераўтварэння Касцёла і свету праз любоў, быў блізкі да жыцця людзей, што сфарміравала яго, як сумленнага і патрабавальнага пастыра. Яго прароцтва ажыццяўлялася праз любоў да свайго часу і ўдзел у жыцці асоб, якіх сустракаў па шляху.

Францішак заклікаў святароў не баяцца выходзіць за сцены дома і касцёла, пераўтвараць парафіі ў месцы, дзе кожны адчувае сябе патрэбным. Ён нагадаў, што пробашч з Бодзала жыў у паслухмянасці і малітве і заклікаў слухаць свет, каб браць на сябе любое пытанне пра сэнс і надзею, не баяцца ісці праз пустыні і цемру.

У канцы свайго візіту ў Бодзала Францішак памаліўся ля магілы кс. Прыма Мацалары на мясцовых могілках, а затым адправіўся на верталёце ў Барбіяна, у Фларэнтыйскай архідыяцэзіі, да месца служэння іншага італьянскага святара – кс. Ларэнца Мілані.








All the contents on this site are copyrighted ©.