2017-06-21 14:24:00

Папа: хрысціянства культывуе невылечны давер да Бога


Папа заклікаў вернікаў імкнуцца да святасці, прымаючы на сябе пакуты і нягоды іншых. Прыкладам тут з’яўляюцца сённяшнія святыя, бо без іх свет не будзе мець ніякай надзеі. Катэхезу Францішка 21 чэрвеня 2017 г. на плошчы св. Пятра слухалі каля 12 тыс. чалавек.

У пачатку Пантыфік узгадаў, што падчас абрадаў сакрамэнту хросту, перад намашчэннем алеем, сімвалам моцы Бога ў барацьбе супраць зла, святар запрашае да малітвы праз заступніцтва святых. У гэты момант чалавек упершыню атрымлівае абарону “старэйшых” братоў і сясцёр, якія прайшлі той жа жыццёвы шлях. “Хрысціяне ў барацьбе са злом не адчайваюцца. Хрысціянства культывуе невылечны давер: не верыць, што адмоўныя і разбуральныя сілы могуць перамагчы. Заключнае слова ў адносінах да гісторыі чалавека – гэта не нянавісць, гэта не смерць, гэта не вайна. У кожны момант жыцця з намі рука Бога, а таксама тактоўная прысутнасць усіх вернікаў, якія “адыйшлі перад намі са знакам веры”. Іх існаванне кажа нам перш за ўсё пра тое, што хрысціянскае жыццё не з’яўляецца недасяжным ідэалам. У той жа час суцяшае нас: мы не самотныя, Касцёл складаецца з незлічоных братоў, часта безыменных, якія прайшлі перад намі і якія, праз дзейнасць Святога Духа ўцягнутыя ў справы тых, хто ўсё яшчэ жыве на зямлі”, - заўважыў Папа.

Францішак нагадаў, што і падчас сакрамэнту сужэнства гучыць малітва праз заступніцтва святых. “І гэты заклік з’яўляецца крыніцай упэўненасці для двух маладых людзей, якія адпраўляюцца ў “падарожжа” сужэнскага жыцця. Хто сапраўды кахае, той мае жаданне і смеласць сказаць “назаўжды”, але ведае, што патрабуе ласкі Хрыста і дапамогі святых, каб мець магчымасць жыць сужэнскім жыццём “назаўжды”. Не так, як кажуць некаторыя: “пакуль будзе доўжыцца каханне”. Не – назаўжды. Калі гэта не так, лепш не жаніцца – або назаўжды, або наогул не браць шлюб”, - падкрэсліў Святы Айцец. 

Менавіта таму ў літургіі сужэнства гучыць заклік да святых, дадаў Францішак. І ў цяжкія моманты трэба мець мужнасць паглядзець у неба, думаючы пра многіх хрысціян, якія прайшлі праз пакуты і захавалі бель хроснай вопраткі. Бог ніколі не пакідае чалавека, і кожны раз, калі ёсць патрэба, Яго анёл прыйдзе і дасць суцяшэнне. Гэтыя “анёлы” часта маюць чалавечы твар і сэрца, бо Божыя святыя заўсёды прысутнічаюць сярод нас, заўважыў Папа.

Таксама і ў літургіі пасвячэння гучыць заклік да святых. Гэты момант Пантыфік назваў “самым кранальным”, калі кандыдат да святарства ляжыць крыжам на зямлі, а ўсе вернікі моляцца праз заступніцтва святых. “Чалавек мог бы адчуць сябе раздушаным пад цяжарам місіі, даручанай яму, але пачуццё, што за ім стаіць усё неба, што Божай ласкі хопіць, бо Езус заўсёды застаецца верным, дае магчымасць вырушыць у шлях, будучы ўмацаваным, у духоўным спакоі. Мы не самотныя. Кім мы з’яўляемся? Мы пыл, які імкнецца да неба. Нашы сілы слабыя, але магутнай з’яўляецца таямніца ласкі, якая прысутнічае ў жыцці хрысціян. Мы верныя зямлі, якую Езус любіў у кожны момант свайго жыцця, але мы ведаем і спадзяемся на пераўтварэнне свету, у канчатковае выкананне, дзе ў рэшце рэшт не будзе слёз, злосці і пакут”, - заўважыў Францішак.

“Няхай Пан дасць нам надзею, што мы будзем святымі”, - заклікаў Папа. Ён запрасіў вернікаў выконваць свае абавязкі з адкрытым да Бога сэрцам, ведаючы, што, нягледзячы на цяжкасці, яны могуць быць святымі. А сённяшні свет мае патрэбу ў “містыках”: людзях, якія адпрэчваюць любое панаванне над іншымі, якія шукаюць любові і братэрства, бяруць на сябе пакуты іншых, падкрэсліў на заканчэнне Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.