2017-06-22 14:05:00

Францішак: нельга быць сапраўдным пастырам без полымя ў душы


Пастыр павінен быць руплівым, праніклівым і здольным асуджаць зло, адзначыў Францішак 22 чэрвеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён спаслаўся на літургічнае чытанне з Другога паслання да Карынцянаў, у якім апостал Павел кажа пра прынцыпы свайго служэння хрысціянскай супольнасці (2 Кар 11,1-11).

Па словах Пантыфіка, Апостал Народаў быў “сапраўдным пастырам”, які не пакідае свой статак, у адрозненне ад найміта. Першай яго рысай з’яўляецца руплівасць, якая вядзе аж да адчування “Боскай стараннасці” адносна свайго народу. Такое стаўленне Паўла сёння называюць апостальскім запалам. “Нельга быць сапраўдным пастырам без полымя ў душы”, - дадаў Папа.

Іншай рысай св. Паўла Францішак назваў праніклівасць. Пастыр павінен распазнаваць, дзе знаходзіцца небяспека, што можа аддаліць ад вернасці Пану, і тое, што з’яўляецца ласкай і праўдзівым шляхам. Ён павінен заўсёды суправаджаць авечак: як у цудоўныя, так і кепскія моманты, у час спакусаў, з цярплівасцю ведучы іх у статак, перакананы Пантыфік.

Трэццяя рыса добрага пастыра, паводле Святога Айца, гэта здольнасць асуджаць зло. Апостал не можа быць наіўным, бо вернасць Езусу Хрысту заўсёды трэба бараніць. Пастыр павінен быць здольным казаць “не”, як робяць бацькі, калі іх дзеці падпаўзаюць да электрычнай разеткі і пачынаюць засоўваць у яе пальцы. Пантыфік асудзіў павярхоўную дабрыню, з якой некаторыя пастыры падыходзяць да выканання сваіх абавязкаў, каб здабыць захапленне і любоў вернікаў. 

Напрыканцы гаміліі Францішак заклікаў маліцца за ўсіх пастыраў Касцёла, каб св. Павел заступаўся за іх, і каб яны мелі гэтыя тры рысы: былі руплівымі, праніклівымі і здольнымі асуджаць зло.








All the contents on this site are copyrighted ©.