2017-06-23 12:56:00

Пантыфік: стаць малымі, каб чуць голас Пана


Каб слухаць голас Пана, трэба стаць малымі, нагадаў Францішак 23 чэрвеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Спасылаючыся на літургічныя чытанні, прызначаныя на ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, Папа звярнуў увагу на два аспекты: ён нагадаў, што Бог выбраў свой народ з любові і заклікаў яго не ўзвышацца, каб не згубіць магчымасць чуць Яго голас. 

Не мы выбралі Бога, а Бог стаў “нашым вязнем”, злучыўся з нашым жыццём непарыўным чынам і заўсёды застаецца верным гэтай еднасці, падкрэсліў Святы Айцец. Гэта Ён выбраў і паклікаў нас. “Калі не верым у гэта, не зразумеем, чым з’яўляецца пасланне Хрыста, не зразумеем Евангелля”, - дадаў ён. 

Спаслаючыся на словы Майсея з кнігі Другазаконня (Дрг 7, 6-11), Францішак заўважыў, што Бог выбраў свой народ, паколькі той быў найменшым з усіх. “Ён закахаўся ў нашу маласць і таму выбраў нас. Ён выбірае малых: не вялікіх, а малых. І Ён адкрываецца малым: “Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям”. Ён адкрываецца малым: калі хочаш зразумець штосьці з таямніцы Хрыста, стань малым. Прызнай, што з’яўляешся нічым. Ён не толькі выбірае і адкрываецца малым, але кліча малых: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас”, - нагадаў Папа.

Паводле яго, вялікія гэтага свету не могуць пачуць Божы голас, бо напоўнены самімі сабой. Аб неабходнасці быць малымі кажа таксама таямніца прабітага сэрца Езуса, якая дэманструе, што Хрыстус сам вырашыў стаць малым, прынізіўся аж да крыжовай смерці, каб заззяла Божая хвала. Менавіта ў Найсвяцейшым Сэрцы Езуса мы можам цэлебраваць вялікія падзеі збаўлення і адкуплення. Аб гэтай ласцы Францішак заклікаў прасіць Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.