2017-06-24 13:53:00

Апублікавана праграма візіту Пантыфіка ў Калумбію


Багата, Вільявісенсіа, Медельін і Картахена – гэтыя чатыры гарады наведае Святы Айцец падчас свайго вераснёўскага візіту ў Калумбію. У Ватыкане апублікавалі афіцыйную праграму пятай пілігрымкі Францішка ў Лацінскую Амерыку і дваццатай за межы Італіі.

Папа велеціць у Багату 6 верасня 2017 г., дзе на лётным полі яго будзе чакаць цырымонія прывітання, але праграма яго прабывання ў краіне распачнецца практычна на другі дзень. У чацвер, 7 верасня, ён сустрэнецца спачатку з уладамі краіны і здзейніць пратакольны візіт да Прэзідэнта. Затым яго чакае “рэлігійная” частка: наведанне мясцовай катэдры і прывітанне вернікаў з яе балкону, сустрэча з епіскапатам у Палацы кардыналаў і кіраўніцтвам Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі ў памяшканні нунцыятуры, а таксама св. Імша пад адкрытым небам.

Пятніцу, 8 верасня, Пантыфік правядзе ў Вільявісенсіа і распачне св. Імшой на полі вайсковай авіябазы. Затым ён прыме ўдзел у Вялікім малітоўным сходзе аб нацыянальным прымірэнні і правядзе малітву ля Крыжа прымірэння ў мясцовым Парк-дэ-лос-Фундадорэс. Вечарам Святы Айцец вернецца ў Багату. 

На наступны дзень, у суботу 9 верасня, Францішак адправіцца ў Медельін, дзе ўзначаліць Эўхарыстыю пад адкрытым небам на лётным полі аэрапорта імя Энрыке Олая Эрэра. Затым ён наведае Цэнтр св. Юзафа, а на мясцовым стадыёне сустрэнецца са святарамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і іх сем’ямі, што стане апошнім пунктам яго падарожжа ў гэты калумбійскі горад. Вечарам Пантыфіка даставяць самалётам у Багату.

Нядзеля, 10 верасня пройдзе ў Картахене, дзе Францішак прыме ўдзел у закладке дома для бяздомных, памоліцца з вернікамі “Анёл Панскі”, наведае дом-санктуарый св. Пэдра Клавэра. Заключным пунктам калумбійскага візіту Папы стане св. Імша на тэрыторыі картахенскага порту, з шматтысячным удзелам вернікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.