2017-06-24 12:49:00

Святы Пасад запрашае падтрымаць дабрачынную дзейнасць Папы


29 чэрвеня 2017 г. – ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла – ва ўсіх парафіях свету адбудзецца штогадовы збор сродкаў, вядомы пад назвай “Міласціна Святога Пятра” або “Грош Святога Пятра”. Святы Пасад выступіў са спецыяльнай заявай, запрашаючы вернікаў зрабіць ахвяраванне на падтрымку дабрачыннай дзейнасці Святога Айца.

“Ахвярадаўца “Міласціны Святога Пятра” – гэта грамадзянін сусвету, бо салідарнасць не мае межаў”, - адзначыў субстытут Дзяржсакратарыяту Апостальскай Сталіцы, арцыбіскуп Анджэла Бэчу. Іерарх запрасіў наследаваць прыклад “беднай удавы” з Евангелля паводле св. апостала Лукі (Лк 21,2-4), якая, “будучы ў нястачы”, кінула ў скарбонку дзве лепты, што складалі ўвесь яе пражытак. Па яго словах, “сапраўдны хрысціянін не можа жыць адной малітвай, але павінен браць на сябе абавязак рабіць учынкі міласэрнасці і шчодрасці”.

З 2017 г. “Міласціна Святога Пятра” выйшла на інтэрнэт-прасторы, дзякуючы запуску сайта і профіляў у сацыяльных сетках “Facebook”, “Twitter” і “Instagram”, прысвечаных ініцыятыве. Пералічыць грошы ў патрымку дабрачыннай дзейнасці Пантыфіка можна онлайн, праз інтэрнэт-старонку www.obolodisanpietro.va, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Сродкі фонду накіроўваюцца на дапамогу найбольш патрабуючым, ахвярам пераследу за веру, бежанцам ад войнаў і голаду, пацярпелым ад прыродных катаклізмаў. Дабрачынная дзейнасць уключае таксама будаўніцтва школ і шпіталяў на перыферыях, каталіцкіх святыняў у бедных краінах свету.

З пачатку 2017 г. “Міласціна Святога Пятра” падтрымлівае праект, у рамках якога мабільныя групы медперсаналу аказваюць медыцынскую дапамогу і сацыяльную падтрымку малазабяспечаным пажылым людзям з каталіцкіх парафій на перыферыях італьянскай сталіцы. Таксама ў распрацоўцы – фармацыйны праект для медыкаў на тэму псіха-фізічнага стану мігрантаў.

Афіцыйна ініцыятыву “Міласціна Святога Пятра” зацвердзіў 5 жніўня 1871 г. Пій IX сваёй энцыклікай “Saepe Venerabilis”. Сёння збор сродкаў на падтрымку папскай дабрачыннай дзейнасці рэалізуецца ва ўсім каталіцкім свеце 29 чэрвеня ці ў бліжэйшую да ўрачыстасці святых Пятра і Паўла нядзелю.








All the contents on this site are copyrighted ©.