2017-06-25 12:10:00

Папа адзначыў мужнае сведчанне арцыбіскупа Матулёніса


Папа адзначыў мужнае сведчанне арцыбіскупа Тэафілюса Матулёніса, беатыфікацыя якога адбылася 25 чэрвеня 2017 г. у Вільнюсе. З адмысловым зваротам Францішак звярнуўся на заканчэнне малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Сёння ў Вільнюсе, у Літве, быў абвешчаны благаслаўлёным біскуп Тэафілюс Матулёніс, забіты з нянавісці да веры ў 1962 г., калі меў ужо амаль 90 гадоў. Узнясем хвалу Богу за сведчанне гэтага мужнага абаронцы веры і годнасці чалавека”, - заклікаў Святы Айцец.

Арцыбіскуп Матулёніс нарадзіўся ў 1873 г. у паўночна-ўсходняй Літве. Закончыў Пецярбургскую духоўную семінарыю. Здзейсняў душпастырскае служэнне на тэрыторыі Латвіі. З 1910 г. займаў пасаду вікарыя ў касцёле св. Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу, а затым, там жа, пробашча парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

У 1928 г. быў арыштаваны савецкім ўладамі. Ва ўмовах пераследу Касцёла быў прызначаны тытулярным біскупам Матрэгі і каад'ютарам Апостальскага адміністратара Ленінграда, а праз год таемна атрымаў сакру. У хуткім часе ён быў арыштаваны паўторна, асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі і накіраваны ў Салавецкі лагер асобнага прызначэння, дзе вызначаўся мужным сведчаннем веры. У 1933 г. быў асуджаны на год ізаляцыі і выпраўленчых прац, але хутка быў вызвалены ў выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж Літвой і Савецкім Саюзам і нягледзячы на жаданне працягваць працу ў Расіі, быў адпраўлены ў Літву.

У 1943 г. прызначаны біскупам Кайшадорыскай дыяцэзіі ў Літве. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у 1946 г., арыштаваны ў трэці раз і асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі. Спачатку быў накіраваны ў турму ў Воршы, а затым ва Уладзімір. Тут значна пагоршыўся стан яго здароўя. У 1954 г. накіраваны ў дом інвалідаў у Мардовіі, дзе пражываў пад кантролем органаў дзяржаўнай бяспекі. Праз два гады іерарх змог вярнуцца ў Літву.

Біскупу Матулёнісу было забаронена кіраваць дыяцэзіяй, яго прымушалі жыць у ізаляцыі. У лютым 1962 г. Ян ХХІІІ, “за стараннае спаўненне абавязкаў добрага пастыра”, надаў іерарху годнасць арцыбіскупа, але ўжо праз шэсць месяцаў, пасля моцнага збіцця падчас вобыску, арцыпастыра не стала. Эксгумацыя, праведзеная праз гады для беатыфікацыйнага працэсу, пацвердзіла наяўнасць металу ў яго целе, верагодна ўведзенага яму праз ін’екцыю менавіта тады.








All the contents on this site are copyrighted ©.