2017-06-26 13:36:00

Апостальская Сталіца занепакоена сітуацыяй у Кітаі


Святы Пасад пракаментаваў справу кітайскага біскупа Пітэра Шао Жуміна, пастыра дыяцэзіі Вэньчжоу ў кантынентальным Кітаі. Кіраўнік Залы Друку заявіў, што “Апостальская Сталіца з сур’ёзнай заклапочанасцю назірае за асабістай сітуацыяй” іерарха, “гвалтоўна выдаленага з сваёй біскупскай сталіцы некаторы час таму”. Кітайскія ўлады амаль год таму затрымалі прызнанага Святым Пасад біскупа.

У ватыканскім паведамленні адзначаецца, што дыяцэзіяльная каталіцкая супольнасць і сваякі іерарха не маюць ніякіх звестак аб ім і яго месцазнаходжанні, а таксама нічога не ведаюць аб прычынах яго выдалення. Апостальская Сталіца “глыбока засмучана” гэтым і іншымі падобнымі эпізодамі, якія, на жаль, не спрыяюць шляху разумення. Ватыканскі бок выказвае надзею на тое, што біскуп Шао Жумін зможа як мага хутчэй вярнуцца у дыяцэзію і мець магчымасць ажыццяўлення свайго біскупскага служэння. Святы Пасад запрашае маліцца за іерарха і Каталіцкі Касцёл у Кітаі.

Паводле некаторай інфармацыі, у раёне Вэньчжоу пражывае каля 120 тыс. католікаў. Частка з іх на працягу многіх гадоў наведвае набажэнствы “падпольнага” Касцёла, які знаходзіцца ў лучнасці са Святым Пасадам. Іншыя католікі Вэньчжоу, як і ўсяго Кітая, належаць да прызнанай кітайскімі ўладамі касцёльнай супольнасці. У гэтым горадзе высокі адсотак вернікаў і вялікая колькасць храмаў. Менавіта тут улады камуністычнага Кітая на працягу апошніх пяці гадоў праводзяць кампанію па зносе касцёлаў і выдаленні крыжоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.