2017-06-26 14:41:00

Францішак: прафілактыка рака – для ўсіх


Пантыфік сустрэўся 26 чэрвеня 2017 г. з дэлегацыяй Італьянскай лігі па барацьбе супраць рака. Ён падзякаваў сваім гасцям за спрыянне прафілактыцы анкалагічных захворванняў, у тым ліку праз фарміраванне культуры жыцця, заснаванай не на камерцыйных інтарэсах, а на павазе да Божага дару.

Не менш каштоўным з’яўляецца супрацоўніцтва Лігі з пастаўшчыкамі медыцынскіх паслуг, а таксама дапамога сем'ям хворых на рак, паколькі служэнне тым, хто пакутуе, гэта хрысціянскі лад жыцця, які палягае на спалучэнні пакоры і цішыні, без пошуку ўзнагароды, адзначыў Францішак.

Чалавек, калі яго адольвае хвароба, асабліва анкалагічная, апынаецца як бы на перыферыі жыцця. І гэта з’яўляецца выклікам для кожнага хрысціяніна, каб прыйсці на гэту перыферыю, становячыся свядомым інструментам ласкі, дадаў ён.

Францішак заклікаў грамадзянскую і касцёльную супольнасці не баяцца блізкасці з хворымі людзьмі, пяшчоты адносна іх, не лічыць прабыванне з імі страчаным часам, прапанаваць ім падтрымку, суцяшэнне, ствараючы сапраўдную прастору салідарнасці.

Папа выказаў спадзяванне, што, паколькі здароўе з’яўляецца адным з асноўных і фундаментальных даброт кожнага чалавека, прафілактыка рака будзе распаўсюджвацца на ўсіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.