2017-06-26 13:01:00

З малітвай – да Маці Божай Будслаўскай


Час масавага паломніцтва ў Будслаў – у самым разгары. 26 чэрвеня 2017 г. з Мінска вырушыла адна з шматлікіх пілігрымак – каля ста чалавек. На шляху да нацыянальнага санктуарыя яна вырасце амаль удвая. Узрастаць духоўна – гэта і галоўная мэта такога падарожжа, упэўнены ксёндз Алег Шпець, пробашч мінскай парафіі св. Яна Евангеліста. У першую чаргу, упэўнены святар, кожны сам павінен задаць сабе пытанне “куды і навошта ідзем?”.  “Гэта таксама частка пілігрымкі – гэтая ахвяра, цяжкасці, якія людзі перажываюць, без іх не магчыма пілігрымка. Гэтыя мазалі, гэты цяжар дарогі – без гэтага не ўяўляецца пілігрымка. Гэта таксама наша малітва”, - адзначыў святар. 

Наперадзе – 130 кіламетраў пешшу, надвор’е  – переменлівае, але ніхто з прысутных не прызнаўся, што баіцца цяжкасцяў. Хоть некаторыя – і ідуць у першы раз. Але большасць з пілігрымаў – усё ж вопытныя падарожнікі, як Тарас Шчыры і Соня Маркевіч. “Для мяне асабіста гэта ўжо традыцыя: кожны год – Да Марыі са сваёй інтэнцыяй. Столькі знаёмых, эмоцыі, гэта ўзмацненне веры для мяне”, - прызналася дзяўчына.  “Гэты час дае магчымасць засяродзіцца на сабе. Не тое, каб ісці і думаць, што вярнуся і куплю новы тэлевізар. Гэта час для ўнутраных разваг, для майго дыялогу з Богам, малітвы да Яго, пытанняў, на якія я шукаю адказы”, - патлумачыў Тарас. 

У гэты час насамрэч тысячы чалавек пешшу прыходзяць у Будслаў: з усіх дыяцэзій, са шматлікіх парафій, далучацца таксама вернікі з Расіі, Літвы, Польшчы. 30 чэрвеня - 1 ліпеня каля Нацыянальнага санктуарыя адбудуцца галоўныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай. 

Сёлета святкаванне пройдзе пад знакам 100-годдзя аб’яўленняў у Фаціме. Словы, якія Панна Марыя праз партугальскіх дзяцей скіравала ўсяму чалавецтву, актуальныя і сёння, падкрэсліў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Гэты фэст не страчвае сваёй актуальнасці і ён патрэбны чалавеку. Сучасны чалавек заняты многімі іншымі справамі, якія не вядуць да Бога, але аддаляюць ад Бога.  І жыве чалавек частка, як быццам Бога няма і ўвогуле можна без Яго абысціся. Бачым, якія законы ў краінах прымаюцца. Але мы бачым і людзей, якія ідуць у Будслаў, значыцца, іх нешта вядзе, іх Нехта кліча. І гэта нагадвае, што нават у моцна секуляраваным свеце чалавек патрабуе Бога, а найкарацейны шлях – да Езуса, праз Марыю”, - падзяліўся думкамі іерарх. 

Спевы і малітва будзе суправаждаць пілігрымаў з Мінска амаль 5 дзён, а напрыканцы шляху, у Будславе яны разам з іншымі вернікамі Беларусі ўшануюць Апякунку краіны, якая кожны год збірае пад сваім плашчом дзесяткі тысяч чалавек: людзей розных нацыянальнасцяў, веравызнанняў, перакананняў і ўзросту.








All the contents on this site are copyrighted ©.