2017-06-27 15:15:00

Апостальская Сталіца: залежнасці забіваюць чалавецтва


У сферы барацьбы з залежнасцямі першае месца павінна надавацца прафілактыцы, адзначыў кардынал Пітэр Тарксан у пасланні, якое скіраваў 26 чэрвеня 2017 г. з нагоды Міжнароднага дня барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абаротам.

У дакуменце прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека адзначаецца, што разам з шырокім ужываннем какаіну і гераіну, назіраецца пашырэнне выкарыстання новых псіхатропных сродкаў, сінтэтычных наркотыкаў. Таксама распаўсюджваецца выкарыстанне марыхуаны, адносна якой у міжнародных дэбатах не звяртаецца ўвага на этычнае вымярэнне ўжывання гэтай субстанцыі. 

Паводле ватыканскага іерарха, сёння для многіх людзей наркотыкі сталі прадуктам, які лічыцца сумяшчальным з штодзённым жыццём, рэкрэацыяй і пошукам дабрабыту, а ўлады і адпаведныя структуры не паспяваюць рэагаваць адпаведным чынам на развіццё рынку наркатычных сродкаў.

Кардынал Тарксан звярнуў увагу на тое, што да залежнасцяў прыводзяць таксама азартныя гульні. Іх легалізацыя вельмі часта ажыцяўляецца дзеля барацьбы з незаконнай дзейнасцю, але насамрэч павялічвае колькасць “паталагічных гульцоў”. Акрамя таго, падаткі, якія збіраюцца дзяржавай у гэтай сферы, з’яўляюцца “несумяшчальнымі этычна”. 

Паводле кардынала, барацьба з залежнасцямі патрэбуе мужнасці і жадання пераменаў. Лічыць людзей канчаткова згубленымі – гэта акт капітуляцыі, а таксама “алібі для бяздзейнасці нарказалежных асоб і структур, якія маюць заданне прадухіляць і лячыць”. Нельга дапусціць, каб грамадства лічыла ўжыванне наркотыкаў характэрнай рысай эпохі, як алкагалізм ці залежнасць ад палення тытуню.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заўважыў, што не існуе адзінай прычыны, якая вядзе да залежнасці ад наркотыкаў. Тут ёсць шмат фактараў, сярод якіх “адсутнасць сям’і, сацыяльны ціск, прапаганда з боку наркагандляроў, жаданне перажыць новы досвед”. Гэта жаданне часта мае моладзь, асабліва калі апынаецца перад непераадольным мурам паміж сучаснасцю і будучыняй, якую не можа прадбачыць. Трэба пачуць іх заклік аб дапамозе і падтрымцы, скіраваны да дарослых, няздольных пераказаць смак жыцця і сэнс таго, наколькі яно каштоўнае. 

Неабходныя стратэгіі, заснаваныя на прафілактыцы і дзейнасці ўсіх сацыяльных кампанентаў у сферы выхавання і спрыяння інтэгральнаму развіццю. Каб супрацьстаяць эфемернаму шчасцю залежнасцяў, патрэбны крэатыўная любоў і дарослыя асобы, здольныя вучыць і, самае галоўнае, практыкаваць здаровы клопат пра сябе. У адваротным выпадку, залежнасці прывядуць да пагібелі чалавецтва, напісаў прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.








All the contents on this site are copyrighted ©.