2017-06-27 14:21:00

Святы Пасад у ААН: занепакоенасць прасоўваннем абортаў


Дэлегацыя Святога Пасаду ў ААН выказала занепакоенасць увядзеннем так званага Мінімальнага пачатковага пакета паслуг, які ўключае абартыўнае абсталяванне. Арцыбіскуп Іван Юркавіч выступіў у Жэневе з спецыяльнай заявай на гэту тэму. Яна была апублікавана ў Ватыкане 27 чэрвеня 2017 г. 

Нягледзячы на адкрытае і плённае супрацоўніцтва многіх дэлегацый, перамовы па гуманітарных пытаннях сёлета былі асабліва цяжкімі, адзначыў пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН. Калі, з аднаго боку, быў дасягнуты пэўны прагрэс, напрыклад, па тэмах голаду і харчовай бяспекі, з іншага, адбылося ўвядзенне спрэчнага паняцця Мінімальнага першапачатковага пакета паслуг (Minimal Initial Service Package), які ўяўляе сабой набор мерапрыемстваў, камплектаў абсталявання і расходных матэрыялаў, прызначаных для жанчын і дзяўчынак. Некаторыя з іх уключаюць абартыўныя сродкі і інструменты, як, напрыклад, вакуумны экстрактар, які з’яўляецца найбольш распаўсюджаным спосабам здзяйснення аборту, і які прыносіць сур’ёзныя рызыкі для здароўя маці. 

Ватыканскі дыпламат нагадаў, што медыцынскія паслугі не павінны працаваць супраць жыцця самых безабаронных або ненароджаных, а права на жыццё ніколі не павінны дыскрымінавацца. Святы Пасад прызнае рызыкі, з якімі жанчыны і дзеці сутыкаюцца ў надзвычайных гуманітарных сітуацыях і іх канкрэтныя і інтэгральныя патрэбы ў доступе да асноўных відаў медыцынскай дапамогі, але не можа прыняць у якасці адпаведнага рашэння тыя паслугі, якія забяспечваюць або прасоўваюць аборт.

Арцыбіскуп Юркавіч нагадаў, што Святы Пасад не лічыць аборт, доступ да аборту, а таксама доступ да абартыўных сродкаў адпаведнымі тэрмінам “сексуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе” і “паслугі па ахове сексуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя”. Таксама тэрмін “гендэр” Святы Пасад разумее ў суадносінах з біялагічнай сексуальнай ідэнтычнасцю і адрозненнямі. Іерарх папрасіў уключыць тэкст заявы ў афіцыйную справаздачу жэнеўскай сустрэчы.








All the contents on this site are copyrighted ©.