2017-06-27 12:35:00

Пантыфік прыняў прадстаўнікоў Канстантынопальскага Патрыярха


 

Францішак прыняў 27 чэрвеня 2017 г. афіцыйную дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхата. Яе ўзначальвае архіепіскап Ёў, адзін з кіраўнікоў Камісіі па дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

Пантыфік нагадаў, што апосталы Пётр і Павел служылі Хрысту па-рознаму, тым не менш, у сваёй разнастайнасці, яны сведчылі аб адной міласэрнай любові Бога Айца. Менавіта па гэтай прычыне, са старажытных часоў Касцёл на Усходзе і на Захадзе аб’ядноўвае святкаванне мучаніцтва Пятра і Паўла. А абмен дэлегацыямі паміж Касцёлам Рыма і Царквой Канстантынопаля ўзмацняе імкненне да поўнага аднаўлення зносін паміж католікамі і праваслаўнымі, сказаў Францішак, і нагадаў, што сёлета адзначаецца 50-годдзе візіту Паўла VI да Патрыярха Афінагора. У гэтым кантэксце Францішак узгадаў і свае сустрэчы з Патрыярхам Барталамеем І.

Папа выказаў спадзяванне, што наступная, вераснёўская сустрэча Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой пройдзе “ў духоўным клімаце ўважлівасці да Божай волі і ў ясным прызнанні шляху ўжо зробленага супольна многімі католікамі і праваслаўнымі ў розных частках свету”. Святы Айцец упэўнены, што яна стане сапраўды плённай для будучыні экуменічнага дыялогу.

Пантыфік нагадаў, што галоўная роля на экуменічным шляху належыць Богу, таму з нашага боку патрэбна падпарадкаванне Яго волі. “З верай у заступніцтва святых Пятра і Паўла, святога Андрэя, давайце маліцца адно за аднаго і прасіць Пана, зрабіць нас інструментамі камуніі і спакою”, - заклікаў Францішак.

28 чэрвеня праваслаўная дэлегацыя сустрэнецца з старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардыналам Куртам Кохам, а затым папрысутнічае на кансісторыі, падчас якога Папа ўзвядзе ў кардынальскую годнасць некалькі іерархаў. 29 чэрвеня архіепіскап Ёў і іншыя будуць прысутнічаць на св. Імшы ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, якую ўзначаліць Папа.

Дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхата штогод, пачынаючы з сярэдзіны 1960-х гадоў, прыязджае ў Ватыкан на ўрачыстасць апосталаў Пятра і Паўла. Дэлегацыя ж Апостальскай Сталіцы кожны год ездзіць у Стамбул 30 лістапада на свята св. Андрэя Апостала.








All the contents on this site are copyrighted ©.