2017-06-28 13:31:00

Папа: прафсаюзы павінны быць голасам тых, хто яго не мае


Пантыфік прыняў 28 чэрвеня 2017 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў Італьянскай канфедэрацыі рабочых прафсаюзаў, якія праводзілі ў Рыме сваё пасяджэнне. Францішак спаслаўся на яго тэму: “Для асобы, для працы”, і падкрэсліў, што гэтыя два паняцці павінны разглядацца разам, паколькі асобна яны губляюць свой сэнс і не рэалізуюць сваёй місіі. “Праца з’яўляецца найбольш распаўсюджанай формай супрацоўніцтва, з тых, што чалавецтва выпрацавала ў сваёй гісторыі”, гэта форма грамадзянскай любові, праўдзівай, аўтэнтычнай, што прымушае нас жыць і трымае свет, лічыць Папа. 

Францішак звярнуў увагу і на іншы аспект стасунку чалавека да працы – ён заклікаў да “здаровай культуры адпачынку”. “Гэта не лянота, гэта чалавечая патрэба”, - сказаў ён. 

Святы Айцец з жалем адзначыў таксама, што ў сённяшнім свеце існуюць злоўжыванні, звязаныя з працай. Ён нагадаў пра шматлікіх дзяцей, якія не вучацца, таму, что вымушаны працаваць, пра людзей, у якіх забралі права на справядлівую пенсію, пра работнікаў, якія захварэлі і якіх выдалілі з працы ў імя эфектыўнасці. 

Францішак назваў “неразумным і блізарукім” грамадства, якое прымушае пажылых людзей працаваць, а ў маладых людзей, наадварот, забірае гэту магчымасць. Калі ў свеце працы няма маладых людзей, бізнесу не хапае энергіі, энтузіязму, інавацый, радасці жыцця. Моладзь мае права і абавязак працаваць. Дар працы з’яўляецца першым дарам бацькоў для сваіх дзяцей, гэта першае багацце грамадства, першы “пасаг”, які дапамагае ім пачаць свабодны палёт дарослага жыцця, сказаў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу на два выклікі, з якімі сутыкаецца прафсаюзны рух, і якія ён назваў “лёсавызначальнымі”. Першы датычыць самой яго прыроды і паклікання і заключаецца ў “прароцкім профілі”. Прафсаюз нараджаецца, каб стаць голасам тых, хто яго не мае, як і ў выпадку біблійных прарокаў, заўважыў Францішак і з жалем дадаў, што ў развітых капіталістычных грамадствах прафзаюзы рызыкуюць страціць гэты прароцкі характар, бо становяцца падобнымі на сучасныя інстытуты, у якіх занадта шмат палітычнай рыторыкі і стылю дзейнасці палітычных партый. Калі не будзе “прароцкага профілю”, дзейнасць прафсаюзаў пасярод бізнесу страціць сілу і эфектыўнасць, заключыў Святы Айцец.

Другі выклік для прафсаюзнага руху, паводле Папы, – інавацыі. Прафсаюз не выконвае сваёй асноўнай сацыяльна інавацыйнай функцыі, калі займаецца толькі тым, што ўнутры, калі абараняе правы выключна тых, хто працуе ці ўжо на пенсіі. Ён павінен абараняць таксама правы выключаных з працы і пазбаўленых правоў і дэмакратыі.

Пантыфік лічыць, што сучасны капіталізм не ўлічвае каштоўнасці прафсаюзаў, паколькі забыўся пра “сацыяльную прыроду эканомікі”. Ён назваў гэта адным з самых вялікіх грахоў сучаснай эканамічнай мадэлі і заклікаў да будавання “сацыяльнай рынкавай эканомікі”. 

Магчыма, сённяшняе грамадства не разумее прафсаюзаў, таму што не бачыць іх дастатковага змагання за правы выкінутых на экзістэнцыяльную ўзбочыну, дапусціў Папа. Не бачна барацьбы за правы мігрантаў і бедных. Таму Францішак лічыць, што менавіта праца на перыферыях павінна стаць стратэгіяй і прыярытэтам дзейнасці прафсаюзаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.