2017-06-29 12:39:00

Папа: святыя Пётр і Павел сведчаць, што Бог нас не пакідае


Святыя апосталы Пётр і Павел паказваюць нам сёння, што Бог знаходзіцца побач з намі і ніколі нас не пакідае, заўважыў Францішак 29 чэрвеня 2017 г. перад малітвай “Анёл Панскі” ў Ватыкане. Папа сустрэўся з вернікамі з нагоды ўрачыстасці святых Пятра і Паўла, якая адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле. 

“Айцы Касцёла любілі параўноўваць святых апосталаў Пятра і Паўла з двума стаўпамі, на якія абапіраецца бачны будынак Касцёла, - сказаў Пантыфік. - Абодва запячаталі ўласнай крывёй сведчанне, дадзенае Хрысту прапаведваннем і служэннем хрысціянскай супольнасці, якая нараджалася. Гэта сведчанне адлюстравана ў біблійных чытаннях сённяшняй літургіі, чытаннях, якія ўказваюць прычыну, па якой іх вера, вызнаная і абвешчаная, была затым укаранавана доказам найвышэйшага мучаніцтва.

Кніга Дзеяў Апосталаў (12,1-11) апавядае пра зняволенне і далейшае вызваленне Пятра. Ён спазнаў супраціў Евангеллю ўжо ў Ерузалеме, дзе яго закрыў у вязніцы кароль Ірад, “маючы намер пасля Пасхі выдаць яго народу”. Але ён быў вызвалены цудоўным чынам і таму змог давесці да канца сваю евангелізацыйную місію, спачатку ў Святой Зямлі, а затым у Рыме, прыкладаючы ўсе свае сілы на служэнне хрысціянскай супольнасці.

Таксама і Павел спазнаў варожасць, ад якой быў вызвалены Панам. Пакліканы Уваскрослым у многія гарады да язычніцкіх народаў, ён сустрэў моцны супраціў як з боку адзінаверцаў, так і з боку грамадзянскіх уладаў. Пішучы вучню Цімафею, ён разважаў над уласным жыццём і ўласным місійным шляхам, а таксам над пераследам, які перанёс за Евангелле.

Гэтыя два “вызваленні”, Пятра і Паўла, дэманструюць супольны шлях двух апосталаў, якія былі пасланы Езусам, каб абвяшчаць Евангелле ў складаных асяроддзях і пэўных варожых сітуацыях. Абодва, сваёй асабістай і касцёльнай дзейнасцю, паказваюць і кажуць нам сёння, што Пан заўсёды знаходзіцца побач з намі, крочыць з намі, не пакідае нас ніколі. Асабліва ў моманты выпрабаванняў, Бог працягвае нам руку, прыходзіць нам на дапамогу і вызваляе нас ад пагрозаў ворагаў. Але памятайма, што нашым сапраўдным ворагам з’яўляецца грэх, і што злы падштрурхоўвае да яго. Калі здзяйсняем прымірэнне з Богам, асабліва ў сакрамэнце пакаяння, атрымліваючы ласку прабачэння, мы вызваляемся ад путаў зла і робім лягчэйшым цяжар нашых памылак. Так можам працягваць наш шлях радасных прапаведнікаў і сведкаў Евангелля, дэманструючы, што мы першымі атрымалі міласэрнасць.

Да Панны Марыі, Каралевы Апосталаў, скіруем нашу малітву, якая сёння асаблівым чынам узносіцца за Касцёл ў Рыме і за гэты горад, апекунамі якога з’яўляюцца Пётр і Павел. Няхай адораць іх духоўным і матэрыяльным дабрабытам. Дабрыня і ласка Пана няхай падтрымлівае ўвесь рымскі народ, каб жыў у братэрстве і згодзе, дапамагаючы заззяць хрысціянскай веры, засведчанай бясстрашным запалам святых апосталаў Пятра і Паўла”, - завяршыў Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы Францішак нагадаў, што раніцай цэлебраваў св. Імшу з новымі кардыналамі і благаславіў паліі для арцыбіскупаў-мітрапалітаў, якія былі прызначаны ў перыяд з мінулагодняй урачыстасці святых Пятра і Паўла. У літургіі прыняла ўдзел дэлегацыя праваслаўнага Канстантыпольскага Патрыярхату, скіраваная Патрыярхам Барталамеем І, што Папа назваў знакам братэрскіх адносін паміж Цэрквамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.