2017-06-30 14:36:00

Апостальская Сталіца заклікае спыніць распаўсюджванне зброі


Без раззбраення, нераспаўсюджвання і кантролю за зброяй мір працягне знаходзіцца пад пагрозай, падкрэсліў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса падчас дэбатаў, якія 29 чэрвеня 2017 г. прайшлі ў Радзе Бяспекі ААН у Нью-Ёрку. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы назваў імператывам пераадоленне разыходжанняў і пошук палітычных рашэнняў для канфліктных сітуацый.

Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на неэфектыўнасць прынятай шэсць месяцаў таму рэзалюцыі аб нераспаўджванні зброі масавага знішчэння. Ён нагадаў словы папы Францішка пра тое, што асуджэнне вайны вельмі часта суправаджаецца вытворчасцю і продажам зброі бакам, якія знаходзяцца ў стане ўзброеннага супрацьстаяння. “Абсурдная супярэчнасць – казаць аб міры, і адначасова спрыяць і дазваляць гандль зброяй”, - працытаваў ён словы Святога Айца.

Апостальская Сталіца лічыць фундаментальна важным супрацоўніцтва паміж дзяржавамі і каардынацыю нацыянальных, рэгіянальных і міжнародных намаганняў, каб мацней адказаць на гэты глабальны выклік. Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў да прыняцця адпаведных мер у гэтай сферы згодна з нацыянальнымі і міжнароднымі законамі.

Паводле арцыбіскупа Аусы, “устанаўленне свабодных ад зброі масавага знішчэння зон стане вялікім крокам” наперад у дэманстрацыі магчымасці дасягнення “глабальнай дамовы па нераспаўсюджванні” і клопаце аб глабальнай бяспецы і ўстойлівым развіцці. Ён нагадаў, што вытворчасць і продаж канвенцыйнай зброі і зброі масавага знішчэння пагаршае канфліктныя сітуацыі і выклікае вялізарныя чалавечыя ахвяры і матэрыяльныя страты.








All the contents on this site are copyrighted ©.