2017-06-30 12:17:00

Святы Пасад: адукацыя – шлях да пабудовы мірнага свету


Адукацыйныя структуры павінны вучыць “граматыцы дыялогу”, якая з’яўляецца асновай для сустрэчы і прыладай для гарманізацыі культурных адметнасцяў у пошуку праўды і новых адказаў на выклікі нашага часу, адзначыў афіцыйны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью-Ёрку. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у сустрэчы, прысвечанай пошуку шляхоў для забеспячэння якаснай адукацыі для ўсіх, якая прайшла 28 чэрвеня 2017 г. у штаб-кватэры арганізацыі. 

“Права на адукацыю будзе забяспечана перш за ўсё праз павагу і ўмацаванне першаснага права сям’і выхоўваць сваіх дзяцей”, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат. Ён працытаваў словы папы Францішак, прамоўленыя ў ААН у 2015 г., аб тым, што дапамога сем’ям у выхаванні дзяцей – гэта падстава для дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця.

Арцыбіскуп Ауса нагадаў, што Каталіцкі Касцёл дзейнічае ў адукацыйнай сферы на працягу многіх стагоддзяў. Школы, заснаваныя ім у розных частках свету, “адкрыты для ўсіх, хлопчыкаў і дзяўчынак”, а таксама “для бедных, якія без гэтага не маглі б атрымаць адукацыі”. Такім чынам Касцёл імкнецца паспрыяць будаванню больш адзінага і мірнага свету, праз інтэгральнае выхаванне будучых пакаленняў, сказаў ён.

Прадстаўнік Святога Пасаду адзначыў тэрміновую патрэбу ў прасоўванні культуры сустрэчы, атмасферы павагі, слухання і салідарнасці, якая не робіць невыразнай ці аслабленай тоеснасць, каб адказаць на шматлікія формы насілля, беднасці, эксплуатацыі, маргіналізацыі, адчужэння, пазбаўлення свабоды. Навучаныя “граматыцы дыялогу” новыя пакаленні знойдуць матывацыю, каб “будаваць масты і шукаць новыя адказы на шматлікія выклікі нашага часу”, лічыць іерарх.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса папярэдзіў аб небяспецы элітарызму ў сферы адукацыі, які павялічае няроўнасць і ўзровень маргіналізацыі ў грамадстве. Дыпламат падкрэсліў, што адукацыя дае надзею чалавеку, без якой ён не можа жыць. Выхавацелі і навучэнцы, паяднаныя ў пошуку супольнага дабра, прыгажосці, дабрыні і праўды – гэта перадумова для больш паяднанага і мірнага свету, завяршыў свой зварот прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў ААН.








All the contents on this site are copyrighted ©.