2017-07-03 14:15:00

Францішак да ФАО: не толькі размеркаванне, але і братэрства


Пантыфік скіраваў спецыяльнае пасланне да ўдзельнікаў юбілейнай, 40-й генеральнай асамблеі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН. 3 ліпеня 2017 г. у рымскай сядзібе ФАО яго прачытаў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Ён таксама анансаваў асабісты візіт Францішка ў рымскую штаб-кватэру арганізацыі 16 кастрычніка.

Апостальская Сталіца ўважліва сочыць за працай міжнароднай супольнасці і жадае аказаць дапамогу ў фактычнай ліквідацыі голаду і недаядання. Усе на планеце маюць права на хлеб, адзначыў Пантыфік. Але міжнародныя мерапрыемствы часта звязаны толькі з прагматызмам статыстыкі або імкненнем да эфектыўнасці, пры адсутнасці ідэі супольнага выкарыстання.

Падтрымка сельскагаспадарчага сектара, павелічэнне вытворчасці або эфектыўнае размеркаванне прадуктаў харчавання, гэта важна, але не дастаткова. Трэба прызнаць, што кожны чалавек мае права быць вольным ад галечы і голаду, а садзенічанне гэтаму – абавязак усёй чалавечай сям’і. Калі краіна не ў стане прапанаваць адэкватныя рашэнні, ФАО і іншыя міжурадавыя арганізацыі павінны мець магчымасць праводзіць адэкватную салідарную дзейнасць, лічыць Святы Айцец.

Сённяшняя складаная сітуацыя не можа прывесці да меркавання, што голад і недаяданне – гэта нешта натуральнае, падыктаванае структурнымі з’явамі ў пэўных геаграфічных раёнах. Мы маем справу са складаным механізмам, што галоўным чынам абцяжарвае найбольш уразлівых, якіх не толькі выключаюць з працэсаў вытворчасці, але і часта вымушаюць пакідаць свае землі ў пошуках прытулку і надзеі, напісаў Папа. Толькі дзейнасць натхнёная сапраўднай салідарнасцю зможа ліквідаваць голад і недаяданне. Гэта вельмі вялікі выклік для Харчовай праграмы ААН, а таксама для Касцёла.

Пакліканне ФАО, не толькі рабіць тэхнічны ўклад у павелічэнне рэсурсаў і размеркаванне плёнаў вытворчасці, але і канкрэтным і нават унікальным чынам сведчыць братэрства, якое дапаможа галадаючым глядзець у будучыню з упэўненасцю, напісаў у сваім пасланні Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.