2017-07-04 15:20:00

Папа агучыў сваю малітоўную інтэнцыю на ліпень


Ватыканскі тэлецэнтр распаўсюдзіў праз свой канал у “YouTube” чарговы відэаролік са зваротам папы Францішка, у якім ён паведамляе і тлумачыць сваю евангелізацыйную інтэнцыю на ліпень. Святы Айцец заклікае асаблівым чынам маліцца за людзей, якія аддаліліся ад хрысціянскай веры.

“Не будзем забываць, што крыніца нашай радасці – ў Езусе Хрысце, што Яго любоў нязменная і невычэрпная. Таму, калі хрысціянін смуткуе, значыць, ён аддаліўся ад Езуса”, - звярнуўся Пантыфік да гледачоў. Працягваючы сваё разважанне, Святы Айцец падкрэсліў, што ў такія моманты нельга пакідаць чалавека сам-насам з сабой. “Мы павінны даць яму хрысціянскую надзею, на словах, так, але яшчэ больш сваім прыкладам, сваёй воляй, сваёй радасцю”, - сказаў ён.

Пантыфік запрасіў усіх вернікаў маліцца за “братоў, што аддаліліся ад веры, каб праз нашу малітву і евангелізацыйнае сведчанне змаглі нанова распазнаць прыгажосць хрысціянскай веры”.

Трэба нагадаць, што з 2017 г. на кожны месяц прызначаецца толькі адна папская інтэнцыя – па чарзе – або евангелізацыйная, або агульная. Раней на кожны месяц іх было дзве.








All the contents on this site are copyrighted ©.