2017-07-05 14:25:00

Ватыканскі прадстаўнік пра эфектыўнасць інтэграцыйнай палітыкі


Кожная краіна павінна аб’ектыўна ацэньваць свае магчымасці прыняцця мігрантаў, не толькі кіруючыся пачуццямі, але, калі неабходна, і прыбягаючы да дэтальнага вывучэння сітуацыі пад кіраўніцтвам мясцовых улад - пры такім падыходзе ў Еўропе знойдзецца яшчэ шмат месца для мігрантаў, упэўнены кс. Майкл Чэрны, падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё святар нагадаў нядаўняе пасланне папы Францішка з нагоды запуску новага інфармацыйнага сайта ў падтрымку бежанцаў і мігрантаў Infomigrants.net, у якім Святы Айцец запрашае ўспрымаць “трагедыю міграцыі” як “магчымасць для чалавечага росту” і“дыялогу паміж культурамі”. Ватыканскі супрацоўнік падкрэсліў, што інтэграцыйная палітыка павінна будавацца “на сустрэчы паміж людзьмі і пазбягаць эфекту натоўпу”. На яго думку, эфектыўным метадам інтэграцыі можна лічыць прыняцце шырокага маштабу – праз парафіі, дамы, супольнасці, з улікам усяго, што можа зрабіць гэты феномен “больш гуманным”.

Кс. Майкл Чэрны запэўніў, што Каталіцкі Касцёл займае вельмі актыўную пазіцыю ў гэтым пытанні. “Ёсць тысяча інструментаў, якімі карыстаецца Касцёл, бо вялікай з’яўляецца колькасць патрабуючых”, - сказаў ён.

Аднак, на думку падсакратара Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, у бліжэйшым будучым неабходна выходзіць на якасна новы ўзровень і імкнуцца не толькі забяспечваць правы бежанцаў і мігрантаў на тое, каб быць прынятымі ў чужых для іх краінах, але і гарантаваць ім бяспеку і супакой у краінах, з якіх яны паходзяць.

Сайт Infomigrants.net распрацаваны італьянскім інфармацыйным агенцтвам “ANSA” сумесна з міжнароднымі тэлерадыёкампаніямі Францыі і Германіі. Яго галоўная місія заключаецца ў падтрымцы мігрантаў праз прадстаўленне “надзейнай, праверанай, аб’ектыўнай і сбалансаванай інфармацыі пра краіны, якія яны пакінулі, і краіны, праз якія вандруюць і ў якія накіроўваюцца”.








All the contents on this site are copyrighted ©.