2017-07-05 17:57:00

Кардынал Паралін адносна лячэння Чарлі Гарда ў Рыме


“Апостальская Сталіца зробіць усё, што ў яе сілах, каб пераадолець юрыдычныя перашкоды, якія стрымліваюць прыбыццё 10-ці месячнага брытанскага хлопчыка Чарлі Гарда у рымскую бальніцу “Дзіцятка Езус”, - запэўніў 5 ліпеня 2017 г. кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін у размове з журналістамі.

У сваю чаргу, прэзідэнт Ватыканскай педыятрычнай бальніцы Марыэла Энок заявіла, што размаўляла з маці хлопчыка і зрабіла выснову, што гэта “надзвычай моцная і рашучая жанчына”. Па яе просьбе, медыцынскі і навуковы персанал рымскай бальніцы аналізуюць магчымасць лячэння тут цяжка хворага Чарлі. “Яны непасрэдна праінфармуюць бацькоў Чарлі аб выніках сваіх даследаванняў”, - запэўніла кіраўнік шпіталя “Дзіцятка Езус”.

У ватыканскай педыятрычнай клініцы “Bambino Gesu” штогадова праводзіцца больш за 18 тыс. аперацый. Клінічная дзейнасць структуры ажыцяўляецца адначасова з навуковымі даследваннямі. Тут праводзяцца вывучэнні рэдкіх захворванняў. Толькі за апошнія пяць гадоў у “Bambino Gesu” былі адкрыты каля 50 новых генных хваробаў.

Чарлі Гард нарадзіўся ў Вялікабрытаніі з вельмі рэдкай і цяжкай формай мітахандрыяльнага захворвання, якое вядзе да паступовай мускульнай атрафіі і разбурэння галаўнога мозга. Раней яго бацькі прасілі для свайго сына эксперыментальнага лячэння ў ЗША, аднак медыкі дзіцячага шпіталя Грэйт-Армонд-стрыт у Лондане запэўнілі, што ў дадзеным выпадку ніякія меры не далі б станоўчага выніку. На працягу 9 месяцаў змагання за жыццё Чарлі ў краінах Еўропы была запушчана кампанія “Не забівайце Чарлі” (“Don’t kill Charlie”), а таксама малітоўныя чуванні ў інтэнцыі хворага хлопчыка і яго бацькоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.