2017-07-05 16:21:00

Папа: сучасны свет патрабуе гармоніі


Да паяднання паміж людзьмі і паважлівага стаўлення да разнастайнасці культур з мэтай дасягнення гармоніі заклікаў папа Францішак 5 ліпеня 2017 г. удзельнікаў Міжнароднага кангрэса “Scholas Occurrentes”, які праходзіў з 2 па 5 ліпеня 2017 г. у Яўрэйскім універсітэце Іерусаліма. Святы Айцец звярнуўся да іх пасродкам адмысловага відэапаслання.

Зварот Пантыфіка быў паказаны падчас св. Імшы на заканчэнне форума. У ім Папа адзначыў галоўны вынік сустрэчы – гэта дасягнутае адзінства паміж яе ўдзельнікамі, нягледзячы на існуючыя адрозненні. “Ніхто вас гэтаму не вучыў. Вы гэтым жылі. Вы імкнуліся глядзець адзін аднаму ў вочы, стараліся зрабіць позірк простым, бо гэта неад’емная ўмова для таго, каб адбылася сустрэча”, - адзначыў Францішак.

Святы Айцец выказаў перакананне, што такія сустрэчы ўзбагачаюць унутраны мір, бо дазваляюць паяднацца ўласнаму разуменню сутнасці і сэнсу жыцця з іх разуменнем іншымі людзьмі. “Калі прыходзіць усведамленне таго, што жыццё мае сэнс і гэты сэнс нястрымны, трэба яго праслаўляць”, і такое свята, запэўніў Пантыфік, дапаможа убачыць “пачуццё, якое існуе паміж намі, для усяго і насуперак усяму”, – пачуццё ўдзячнасці.

Па словах Папы, “Scholas Occurrentes” інтуітыўна адчувае, што вытокі гэтай удзячнасці знаходзяцца ў адукацыі: “яна робіць нас адкрытымі да невядомага, што вядзе ў месцы, яшчэ не кранутыя водападзелам, пазбаўленыя прадузятасці, гэта значыць свабодныя ад беспадстаўных суджэнняў, што перашкаджаюць марыць і шукаць новыя шляхі”.

Форум на тэму “Паміж універсітэтам і школай: будуем мір праз культуру сустрэчы” дапамог стварыць умовы для надзеі, што гэтыя мары будуць расці і станавіцца агульнымі для ўсіх, бо толькі так магчыма стварыць новы стыль жыцця. Для “Scholas Occurrentes” ім з’яўляецца культура сустрэчы, сфарміраваная праз адукацыю. Гэта шлях да гармоніі, у якой мае вялікую патрэбу сучасны свет, што так баіцца разнастайнасці, сказаў Папа. 

“Scholas Occurrentes” – гэта сетка адукацыйных праграм, ініцыяваных папам Францішкам яшчэ падчас яго біскупскага служэння ў Буэнас-Айрэсе. Яна аб’ядноўвае каля 400 тыс. дзяржаўных і рэлігійных адукацыйных устаноў у больш чым 70 краінах свету, якія супрацоўнічаюць у сферы спорту, мастацтва і тэхналогій. У 2015 г. Святы Айцец надаў у той час адукацыйнай сетцы “Scholas Occurrentes” статус Папскага фонду. 








All the contents on this site are copyrighted ©.