2017-07-06 17:38:00

Моладзь Швейцарыі рыхтуецца да будучага Сінода Біскупаў


У рамках падрыхтоўкі да правядзення ў кастрычніку 2018 г. у Ватыкане XV Генеральнай Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання” Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Швейцарыі запусціла сэрвіс онлайн-апытальніка пад назвай “Скажыце гэта Папе!”.

Ініцыятыва стала своеасаблівым адказам духавенства і вернікаў гэтай краіны на пажаданне, выказанае раней папам Францішкам, сабраць думкі і меркаванні натхніцеляў душпастырства моладзі на ўсіх кантынентах і тых, на каго гэтая паслуга накіравана.

Да 30 лістапада 2017 г. маладыя людзі ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў, незалежна ад свайго веравызнання, могуць адказаць на 20 пытанняў спецыяльна распрацаванай ананімнай онлайн-анкеты, якая даступна на трох мова – італьянскай, нямецкай і французскай. Праект здейсніла група вернікаў на чале з біскупамі, адказнымі за душпастырства моладзі Швейцарыі, з надзеяй, што ён дапаможа атрымаць “верагодны фотаздымак моладзевай рэчаіснасці ў краіне”, паведамляецца на сайце Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Швейцарыі.

Вынікі онлайн-апытання будуць апублікаваныя восенню 2017 г. і перададзеныя ў форме справаздачы ў Ватыкан.

Акрамя таго, у рамках падрыхтоўкі да XV Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, моладзь Швейцарыі рыхтуецца правясці 30 красавіка 2018 г. у Фрайбургу сустрэчу са сваімі равеснікамі з Францыі і Германіі.

Сінод Біскупаў – гэта дарадчы орган пры Пантыфіку. Склікаецца ён прыкладна раз на тры гады па ініцыятыве Папы для абмеркавання важных пытанняў, якія датычаць жыцця Касцёла. Першая Генеральная Асамблея Сінода Біскупаў праходзіла ў 1967 г. Мінулая, чатырнаццатая па ліку, адбылася ў Рыме ў кастрычніку 2015 г. на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”.








All the contents on this site are copyrighted ©.