2017-07-07 17:36:00

Папа заклікаў лідэраў “Вялікай дваццаткі” да адказнай салідарнасці


Наданне прыярытэту бедным і адчужаным, адмаўленне ад узброеных канфліктаў і спыненне гонкі ўзбраенняў - з такім заклікам звярнуўся 7 ліпеня 2017 г. папа Францішак да сусветных палітычных лідэраў у сваім пасланні з нагоды адкрыцця ў нямецкім Гамбургу саміта краін “Вялікай дваццаткі”.

У распрацоўцы палітычных мер адказу на праблемы сусветнага характару неабходна надаваць “абсалютны прыярытэт бедным, бежанцам, церпячым, асобам у эвакуацыі і адчужаным, не зважаючы на іх нацыянальную ці расавую прыналежнасць, веравызнанне і культуру”, гаворыцца ў звароце Святога Айца на імя канцлера Германіі Ангелы Меркель.

Пантыфік скіраваў да міжнароднай супольнасці “сумны заклік” у сувязі з “трагічнай сітуацыяй” у Паўднёвым Судане, рэгіёне басейна возера Чад, на паўвостраве Самалі і ў Йемене, “дзе трыццаць мільёнаў чалавек не маюць ежы і пітной вады”.  На думку Папы, намаганне тэрмінова адказаць на гэты крызіс стане знакам “сур’ёзнасці і шчырасці высілкаў” па рэфармаванні сусветнай эканомікі і гарантыяй яе “эфектыўнага” развіцця.

Францішак запэўніў удзельнікаў саміта ў сваёй “удзячнасці” за высілкі краін-лідэраў па  забеспячэнні “кіруемасці і стабільнасці сусветнай эканомікі” з наданнем асаблівай увагі фінансавым рынкам, гандлю, пытанням падаткаабкладання, “росту сусветнай эканомікі” ў перспектыве інклюзіўнасці і ўстойлівасці.

Гэтыя намаганні, аднак, “неаддзельныя” ад наяўных канфліктаў і міграцыйнага пытання планетарнага характару, падкрэсліў Святы Айцец. Прызнаючы адсутнасць хуткіх і цалкам здавальняючых адказаў на гэтыя выклікі і ўсведамляючы, што міграцыйны крызіс звязаны з беднасцю і абвастраецца войнамі, Пантыфік адзначыў, тым не менш, што магчыма запусціць працэсы, 

здольныя прапанаваць “прагрэсіўныя і нетраўматычныя” рашэнні, якія прывялі б у адносна кароткі тэрмін да “свабоднага перамяшчэння” і “стабільнасці” людзей. Перад абліччам наяўнай “шырокай панарамы актуальных або патэнцыяльных канфліктаў” Францішак нагадаў, што “вайна ніколі не можа быць рашэннем”.

“Новыя ідэалогіі” абсалютнай незалежнасці эканамічных рынкаў і фінансавыя спекуляцыі пакідаюць “трагічны адбітак” у выглядзе ізаляцыі, адчужэння і смерці. Таму Святы Айцец заклікаў кіраўнікоў дзяржаў захоўваць жывой памяць аб еўрапейскіх і сусветных палітычных лідэрах, “якія заўсёды надавалі перавагу дыялогу і пошуку ўзаемавыгадных рашэнняў”.

Папа выказаў надзею на тое, што сумесная праца кіраўнікоў краін “Вялікай дваццаткі” падчас распачатага саміта будуць прасякнуты “духам адказнай салідарнасці”.








All the contents on this site are copyrighted ©.