2017-07-08 12:20:00

Кардынал Сандры здзейсніць пастырскі візіт ва Украіну


Кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, з 11 па 17 ліпеня 2017 г. будзе знаходзіцца з пастырскім візітам ва Украіне. Цэнтральнай часткай насычанай праграмы яго паездкі стане ўдзел ва ўрачыстасцях у Марыйным санктуарыі ў Зарваніцы, дзе штогод збіраюцца пілігрымы з ўсёй краіны.

11 ліпеня кардынал Сандры прыбудзе ў Кіеў і разам з Апостальскім нунцыем ва Украіне арцыбіскупам Клаудыё Гуджэроці і кіраўніком Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Вярхоўным арцыбіскупам Кіева-Галіцкім Святаславам Шаўчуком памоліцца на Майдане Незалежнасці і наведае музей Галадамору.

На наступны дзень, 12 ліпеня, ватыканскі іерарх прыме ўдзел у літургіі ў грэка-каталіцкім катэдральным саборы Уваскрасення Хрыста з нагоды ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла па юліянскім календары. Пасля набажэнства кардынал Сандры памоліцца ў крыпце сабора, дзе пахаваны спачылы 31 мая 2017 г. кардынал Любамір Гузар, кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы з 2001 па 2011 гг. У другой палове дня прадстаўнік Апостальскай Сталіцы сустрэнецца з навучэнцамі духоўнай семінарыі ў вёсцы Княжычы, а ўжо ўвечары накіруецца ў Харкаў, каб наведаць мясцовае аддзяленне каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Caritas”.

На 13 ліпеня запланаваны ўдзел кардынала Сандры ў літургіі ў катэдральным саборы Харкаўскага экзархату, пасля якой ён сустрэнецца з мясцовым духавенствам. Пасля абеду ватыканскі іерарх адправіцца ў Краматорск, дзе на наступны дзень, 14 ліпеня, правядзе сустрэчу з біскупам Данецкага экзархату і мясцовымі святарамі. У другой палове дня кардынал Сандры накіруецца назад у Харкаў з прыпынкам у Славянску з мэтай наведвання людзей у эвакуацыі, выкліканай ваеннымі дзеяннямі, якія трываюць у краіне з 2014 г.

15 ліпеня кардынал Сандры прыбудзе ў аэрапорт Івана-Франкоўск, дзе далучыцца да вернікаў, якія здзяйсняюць пілігрымку ў нацыянальны Марыйны санктуарый у Зарваніцы. Там іерарх звернецца з прамовай да моладзі, пасля працэсіі са свечкамі і начнога малітоўнага чування падзеліцца духоўнымі разважаннямі з пілігрымамі, а падчас урачыстай літургіі наступнага дня прамовіць казанне.

Увечары 16 ліпеня прадстаўнік Апостальскай Сталіцы прыбудзе ў Львоў, дзе наведае грэка-каталіцкі катэдральны сабор св. Георгія, а ужо на наступны дзень, 17 ліпеня, вылеціць назад у Рым.

Падчас свайго візіту ва Украіну кардынал Сандры перакажа духавенству і вернікам краіны шчырае прывітанне ад Святога Айца, які выказвае “сваю любоў і блізкасць да народа, кранутага пакутамі і стратамі, выкліканымі ваеннымі канфліктамі”, гаворыцца ў паведамленні Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.