2017-07-08 18:34:00

Святы Пасад: прыняцце мігрантаў – гэта ўсеагульная адказнасць


Папа Францішак імкнецца да таго, каб праз узаемныя сустрэчы і дыялог выклікаць у сэрцах людзей спагадлівасць да тых, хто вымушаны шукаць прытулку ў чужых для сябе краінах, сказаў 8 ліпеня 2017 г. кс. Фабіа Баджа, падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

З вопытам прыходзіць усведамленне таго, што абыякавасць, выкліканая недахопам ведання іншых людзей, у момант, калі пазнаеш сапраўдныя гісторыі тых, хто грукае ў нашыя дзверы, пераўтвараецца ў адкрытае сэрца, асабліва калі гаворка ідзе пра спагадлівых і схільных да салідарнасці людзей. Я ўпэўнены, што Пантыфік імкнецца менавіта да гэтага - выклікаць спагадлівасць да мігрантаў праз узаемныя сустрэчы і дыялог, сказаў святар.

Нездарма свой першы афіцыйны апостальскі візіт папа Францішак здзейсніў на італьянскі востраў Лампедуза. Гэта адбылося роўна 4 гады назад – 8 ліпеня 2013 г., у перыяд “бязмежнай трагедыі сотняў людзей”, якая скалыхнула Еўропу прыкладам таго, што можа здарыцца пры недахопе здольнасці да прыняцця, адзначыў ватыканскі прадстаўнік. Па яго словах, сваім візітам на востраў Пантыфік нібы хацеў падкрэсліць, што мы ўсе нясём адказнасць за падобныя трагедыі, “бо можам ствараць магчымасці, карыдоры, каналы, спосабы, каб асобы, якія ўцякаюць ад войнаў, беднасці ці галечы, маглі знайсці прытулак у нашых краінах”.

Кс. Фабіа Баджа перакананы, што прыняцце мігрантаў і бежанцаў павінна адбывацца разважліва і ўпэўнена, з тым каб інтэграцыя гэтых людзей у грамадскі ўклад прымаючых краін не наносіла шкоды і не выклікала боязі ў сэрцах мясцовых жыхароў. “Зразумела, што, ускладзеная выключна на італьянскую тэрыторыю, гэтая адказнасць аказваецца празмерна цяжкай і таму павінна быць разделена з іншымі краінамі”, - сказаў ватыканскі супрацоўнік.








All the contents on this site are copyrighted ©.