2017-07-08 15:43:00

“La Repubblica”: Папа занепакоены самітам “G20”


“Папа Францішак вельмі занепакоены самітам “Вялікай дваццаткі”, які праходзіць у нямецкім Гамбургу”, - паведаміў 93-хгадовы італьянскі журналіст Эўджэніа Скальфары, заснавальнік газеты “La Repubblica”, пасля сустрэчы 6 ліпеня 2017 г. са Святым Айцом у Ватыкане. Яго інтэрв’ю з Пантыфікам змяшчае сённяшні выпуск газеты.

“Баюся, што ўтвараюцца вельмі небяспечныя саюзы паміж моцамі, якія маюць скажонае бачанне свету: ЗША і Расія, Кітай і Паўночная Карэя, Пуцін і Асад у сірыйскай вайне”, - сказаў Францішак падчас размовы. Па яго словах, гэтая небяспека тычыцца, перад усім, міграцыі: “галоўнай і, на жаль, узрастаючай праблемай сучаснага свету з’яўляюцца бедныя, слабыя і адчужаныя, да якіх адносяцца і мігранты”. З другога боку, існуюць краіны, у якіх большасць бедных не маюць дачынення да міграцыйнага руху, але з’яўляюцца ахвярамі “сацыяльных катастроф”. У іншых краінах няшмат бедных, аднак ўлады баяцца “нашэсця мігрантаў”. “Вось чаму мяне хвалюе саміт “Вялікай дваццаткі”: бо закранае інтарэсы мігрантаў з краін амаль паловы свету”, - патлумачыў Святы Айцец. 

Пантыфік запэўніў, што не мае ніякіх ілюзій адносна таго, што мігрантаў прывабліваюць багатыя кантыненты і высокаразвітыя краіны, у першую чаргу, Еўропа. “Каланіялізм распачаўся з Еўропы. У ім былі як станоўчыя, так і адмоўныя аспекты. У любым выпадку Еўропа стала больш багатай, самай багатай у свеце. І таму будзе галоўнай мэтай народаў, якія мігрыруюць”, - адзначыў Францішак.

“Краіны мабілізуюцца, калі ўсвядомяць адну праўду: Еўропа або стане федэратыўнай, або не будзе больш мець вагі ў свеце”, - заключыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.