2017-07-10 12:51:00

Вадавіцэ: падарункі Бэнэдыкта XVI для музея Яна Паўла ІІ


Асабістыя рэчы, якія папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI перадаў у Музей Сямейнага Дома Яна Паўла ІІ, будуць упершыню даступныя для наведвальнікаў. Адкрыццё выставы з падарункамі былога Пантыфіка адбудзецца 11 ліпеня 2017 г., ва ўрачыстасць св. Бэнэдыкта з Нурсіі, нябеснага апекуна Еўропы.

Сярод каштоўных экспанатаў знаходзяцца тры пярсцёнкі, якія падарыў раней Ян Павел ІІ кардыналу Ратцынгеру, у тым ліку адзін, звязаны з Вялікім юбілею 2000-га года.  Бэнэдыкт XVI перадаў таксама сваю карэспандэнцыю з папам, калі быў кардыналам, і фотаздымак зроблены 30 кастрычніка 1988 г., падчас св. Імшы, цэлебраванай з нагоды дзесятай гадавіны пантыфікату Яна Паўла ІІ.

У лісце на імя дырэктара музея былы Пантыфік напісаў, што сваімі падарункамі спадзяецца прынесці радасць наведвальнікам музея і паглыбіць іх любоў да св. Яна Паўла ІІ і Касцёла. Ён выказаў таксама меркаванне, што перададзеныя сувеніры будуць указваць наведвальнікам веліч і дабрыню святога.

Бэнэдыкт XVI наведаў Вадавіцэ і сямейны дом свайго вялікага папярэдніка 27 мая 2007 г, пра што нагадвае ягоны запіс у Памятнай Кнізе музея і перададзены ў дар рэльеф малюнка Божай Маці, з пячаццю папскага герба.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.