2017-07-10 11:53:00

Папа прызначыў жанчыну на важную пасаду ў Ватыкане


Папа Францішак 8 ліпеня 2017 г. прызначыў трох новых падсакратароў для Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, якой кіруе кардынал Пітэр Тарксан.  Адным з іх цяпер  з’яўляецца  69-ці гадовая італьянка Фламінія Джованэллі. Яна стала намеснікам сакратара Камісіі па справах Міграцыі, Правоў Чалавека, Аховы Асяроддзя і Барацьбы з чалавечай беднасцю. Такім чынам, яна стала трэцяю асобай, паводле ерархіі, ў гэтай ватыканскай ўстанове.

Высокія пасады ў Ватыкане займалі дагэтуль толькі лічаныя жанчыны.  Фламінія Джованэллі па прафэсіі палітолаг. У Ватыкане ўжо працавала ў якасці намесніка сакратара Папскай рады  “Iustitia et Pax” (Справядлівасць і мір), якая, аднак, была менш уплывовай, чым створаная 17 жніўня мінулага года Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

На працягу апошніх 10-ці гадоў колькасць жанчын, якія працуюць у Ватыкане, павялічылася з 13 да 19 працэнтаў ад агульнай колькасці супрацоўнікаў, і павольна, але пастаянна расце. Першая жанчына была прынятая на працу 1-га лютага 1915 г. Ёю была італьянка Анна Пэццолі, якая заняла пасад дапаможніцы у так званай, “Floreria Apostolica”, структуры адказнай за афармленне і дызайн інтэр'ераў і месцаў, дзе праводзяцца сустрэчы з Папам.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.