2017-07-11 13:20:00

Папа зацвердзіў новую падставу для кананізацыі


Папа Францішак 11 ліпеня 2017 г. выдаў “motu proprio” пад назвай “Maiorem hac dilectionem”, якім зацвердзіў у якасці падставы для распачацця беатыфікацыйнага і кананізацыйнага працэсаў, побач з ужо існуючымі мучаніцтвам і гераічнасцю цнотаў, “ахвяраванне жыццём”. Гаворка ідзе пра вернікаў, якія, рухомыя міласэрнасцю, гераічна ахвяравалі ўласным жыццём для бліжняга, прыняўшы свабодна і добраахвотна непазбежную заўчасную смерць па прыкладу Езуса Хрыста.

“Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15,13) – гэтымі словамі з Евангелля паводле св. Яна распачынаецца папскі дакумент. “Бясспрэчна, гераічнае ахвяраванне жыццём, падказанае і падтрыманае міласэрнасцю, з’яўляецца выразам сапраўднага, поўнага і ўзорнага наследавання Хрыста і таму годнае захаплення, якое супольнасць вернікаў звычайна мае да тых, хто добраахвотна прыняў мучаніцтва крыві або практыкаваў хрысціянскія цноты ў гераічнай ступені”, - гаворыцца ў прэамбуле.

Дакумент утрымлівае дакладны пералік умоў, якія павінны быць захаваны, каб беатыфікацыя Слугі Божага лічылася сапраўднай. Імі з’яўляюцца свабоданае і добраахвотнае ахвяраванне жыццём і прыняцце з міласэрнасці непазбежнай заўчаснай смерці; наяўнасць сувязі паміж ахвяраваннем жыццём і заўчаснай смерцю; практыкаванне, хаця б у звычайнай ступені, хрысціянскіх цнотаў да моманту ахвяравання жыццём і вернасць ім да самой смерці; святасць жыцця Слугі Божага або яе праявы, выяўленыя хаця б пасля яго смерці; нарэшце, здзяйсненне пасля смерці Слугі Божага цуду праз яго заступніцтва.

Ажыццяўленне дыяцэзіяльнага вывучэння падстаў для распачацця беатыфікацыйнага працэсу і адпаведнае “Палажэнне” па яго выніках рэгулююцца Апостальскай Канстытуцыяй “Divinus perfectionis Magister” ад 25 студзеня 1983 г. і дакументам “Normae servandae in inquisitionibus ab Episcopis facendis in Causis Sanctorum” ад 7 лютага 1983 г., удакладняецца ў папскім дакуменце.

У Апостальскую Канстытуцыю былі ўнесены неабходныя папраўкі для яе прывядзення ў адпаведнасць з апошнім новаўвядзеннем.








All the contents on this site are copyrighted ©.