2017-07-12 14:03:00

Епіскапаты ЗША і Еўропы падтрымалі антыядзерную дамову ААН


Каталіцкія Біскупы Злучаных Штатаў Амерыкі і Еўропы з надзеяй успрынялі Дамову ААН аб забароне ядзернай зброі. За яе прагаласавалі 122 краіны. Тым не менш, міжнародную канферэнцыю, на якой быў прыняты дакумент, байкатавалі ўсе дзяржавы, якія валодаюць ядзерным арсеналам.

Старшыні амерыканскай і еўрапейскай камісій “Iustitia et pax” яшчэ 6 ліпеня 2017 г. апублікавалі сумесную заяву, у якой утрымліваўся заклік да прыняцця дамовы. Цяпер, нягледзячы на абмежаванні ў яе дзеянні, выказалі задавальненне тым, што яна была прынята, і перакананне, што гэта першы крок на шляху да поўнай ліквідацыі ядзерных арсеналаў.

“У любым выпадку, гэта першая за 20 гадоў абавязковая шматбаковая дамова аб ядзерным раззбраенні, - сказаў арцыбіскуп Жан Клод Олерыш, старшыня еўрапейскай камісіі “Iustitia et pax”. - Я вельмі задаволены гэтым. Трэба спадзявацца, што гэта першы крок на шляху да ліквідацыі ядзернай зброі. Для Касцёла, свет без ядзернай зброі па-ранейшаму з’яўляецца дасягальнай мэтай. У сучасным свеце, пры наяўнасці шматлікіх пагроз, дактрына ядзернага стрымлівання не з’яўляецца адэкватным адказам”. 

Іерарх запрасіў задумацца, якія маглі б быць наступствы прымянення ядзернай зброі і наколькі дарагой з’яўляецца яе вытворчасць. Ён звярнуў увагу, што ў дадзены час усе краіны, якіх непасрэдна павінна датычыць Дамова: ЗША, Расія, Вялікабрытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Пакістан, Ізраіль і Паўночная Карэя, займаюцца вельмі дарагім працэсам мадэрнізацыі свайго ўзбраення. Злучаныя Штаты на працягу наступных 10 гадоў выдаткуюць на гэта 400 мільярдаў долараў. Іншыя робяць прыкладна тое ж. Гэта паказвае, што ўсе гэтыя дзяржавы па-ранейшаму ўжываюць логіку ўзаемнага стрымлівання. Яны не гатовыя скараціць свой ядзерны арсенал. Гэта таксама тлумачыць, чаму яны не прынялі ўдзел у канферэнцыі, пракаментаваў арцыбіскуп Олерыш.

Рашэнне аб падрыхтоўцы дакумента было ініцыявана на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН у канцы 2016 г. Рэзалюцыю падтрымала большасць дзяржаў, 30 краін прагаласавалі супраць. На аснове гэтага была створана Канферэнцыя ААН, якая мела на мэце юрыдычна выпрацаваць дакумент для забароны ядзернай зброі і яе поўнай ліквідацыі ў будучыні.

У прынятай Дамове адзначаецца, што большасць краін свету не разглядаюць ядзерную зброю як легітымны сродак вайны, і што краіны-падпісанты абавязваюцца не распрацоўваць, не набываць і не выпрабоўваць ядзернай зброі.








All the contents on this site are copyrighted ©.