2017-07-12 14:33:00

Папа: Еўропа валодае ўнікальнай ідэйнай і духоўнай спадчынай


Для пераадолення праблем і здольнасці да дыялогу Еўропа мае тэрміновую неабходнасць ва ўсведамленні сваёй ідэнтычнасці, сказаў кардынал Анджэла Баньяска, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, 11 ліпеня 2017 г. у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Разважанні іерарха адносна лёсу Еўрасаюза сталі своеасаблівым каментарам чарговага запісу папы Францішка ў “Twitter”, у якім Святы Айцец адзначыў, што “Еўропа валодае ўнікальнай ідэйнай і духоўнай спадчынай, годнай таго, каб быць нанова прапанаванай, з запалам і абноўленай навізной”.

“Словы Святога Айца маюць вельмі вялікае значэнне, асабліва ў гэты час, калі Еўрасаюз сутыкнуўся з цяжкасцямі, што ўсе мы можам назіраць”, - сказаў кардынал Баньяска. На яго думку, гэтае перакананне Пантыфіка з’яўляецца адначасова “моцным заклікам, найвялікшым заахвочваннем да еўрапейскага шляху”. Трэба, каб тыя, хто нясе адказнасць за будучыню Еўропы, усвядомілі гэта сэрцам і розумам, інакш “усё становіцца нашмат больш складаным”. На жаль, “часам складаецца ўражанне, што гэтае разуменне не з’яўляецца такім светлым і дакладным, якім было ў сэрцах айцоў-заснавальнікаў саюза”, - працягнуў іерарх.

“Калі губляецца сапраўдная ідэнтычнасць”, знікае энтузіязм, бо пачынае панаваць разгубленасць адносна таго, што трэба рабіць і ў якім накірунку рухацца. Такая няўпэненасць спараджае страх, які падказвае капаць траншэі, замыкацца, адасабляцца замест распачацця дыялогу, упэўнены італьянскі кардынал.

Для дыялогу ж трэба мець што сказаць па сутнасці, а гэта немагчыма без усведамлення сваёй ідэнтычнасці. “Таму гаворка пра нашы хрысціянскія карані не з’яўляецца абстрактнай ці, яшчэ горш, вузка накіраванай. Яна мае на ўвазе паходжанне Еўропы, яе пакліканне і місію”, - падкрэсліў кардынал Баньяска. “Гаворка пра ідэнтычнасць абсалютна не супярэчыць дыялогу, наадварот, з’яўляецца яго неабходнай перадумовай”, - заключыў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.