2017-07-12 15:48:00

Святы Пасад: хрысціянства – гэта заклік да ахвярнасці


“Мы або нанова адкрыем сучаснае хрысціянства як мучаніцтва, або звядзём яго да звычайнага дадатку да нашага жыцця”, - сказаў арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай акадэміі жыцця, каментуючы “motu proprio” “Maiorem hac dilectionem” папы Францішка, якім Пантыфік зацвердзіў у якасці падставы для распачацця беатыфікацыйнага ці кананізацыйнага працэсаў “ахвяраванне жыццём”.

Ватыканскі іерарх выказаў радасць з нагоды такога рашэння Святога Айца, у тым ліку, і па прычыне асабістай зацікаўленасці ў новаўвядзенні як пастулятара беатыфікацыйнага працэсу арцыбіскупа Сан-Сальвадора Оскара Арнульфа Рамэра-і-Гальдамэса, забітага 24 сакавіка 1980 г. падчас правядзення літургіі. “Ён не быў забіты пераследнікамі-атэістамі, якія патрабавалі адрачыся ад веры ў Святую Троіцу, - патлумачыў арцыбіскуп Палья. - Яго забілі хрысціяне, таму што ён хацеў, каб Евангелле практыкавалася ў сваім глыбінным разуменні даравання жыцця”. У мінулым падобны аспект ужо ўзнікаў у беатыфікацыйных працэсах Максіміліяна Кольбэ і Піна Пулізі, дадаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

Іерарх прывёў урывак з казання, прамоўленага аднойчы арцыбіскупам Рамэра-і-Гальдамэсам падчас св. Імшы, як трапны прыклад спосабу мыслення для лепшага разумення сутнасці папскага “motu proprio”: “II Ватыканскі Сабор патрабуе ад усіх хрысціян сёння, ва ўмовах, у якіх вымушаны жыць, быць мучанікамі, іншымі словамі, аддаць сваё жыццё для Бога і іншых. Ад некаторых Бог патрабуе жыццё аж да праліцця крыві, аднак ад усіх чакае ахвяравання жыцця для іншых. Маці, якая зачала дзіцяці, насіла яго ў сваім улонні, нарадзіла, ахоўвала, карміла і засцерагала ад хваробаў, - мучаніца, бо ахвяравала сваё жыццё”, - казаў тады арцыбіскуп Сан-Сальвадору.

“Распазнаць мучаніцтва як ахвяраванне жыццём азначае цалкам зразумець яго сэнс, ва ўсёй яго сіле”, - сказаў арцыбіскуп Палья.








All the contents on this site are copyrighted ©.