2017-07-12 13:07:00

Цэрквы ў Еўропе супраць мілітарызацыі Еўрасаюза


Не ствараць магчымасцей для мілітарызацыі еўрапейскага бюджэта і структур, узмацняць імкненне да міру і згоды пасродкам неваенных інструментаў заклікала Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў у пасланні да ўладаў Еўрасаюза, апублікаваным 12 ліпеня 2017 г.

Адмысловы зварот да еўрапейскіх структур стаў рэакцыяй на тры нядаўнія дакументы адносна сумеснай абарончай палітыкі ЕС, распрацаваныя Еўракамісіяй. Гаворка ідзе пра паведамленне аб зацвярджэнні Еўрапейскага Абарончага Фонду, прапанову адносна рэгулявання фінансавай падтрымкі еўрапейскай ваеннай прамысловасці і даклад на тэму трох магчымых сцэнарыяў будучай сістэмы еўрапейскай абароны – ад захавання максімальнай самастойнасці краін-членаў ЕС у адпаведных пытаннях да поўнага аб’яднання іх фінансавых і структурных патэнцыялаў.

Канферэнцыя выступіла супраць трэцяга сцэнарыя, “бо ён можа прывесці да пераўтварэння Еўрапейскага Саюза ў ваенны альянс”, гаворыцца ў звароце. Іерархі таксама не патрымліваюць прапанову рэструктурызацыі еўрапейскага бюджэта з пераразмеркаваннем сродкаў з сацыяльнай сферы на абарончую. Так, згодна з прапановай Еўракамісіі, да 2020 г. на навуковыя даследаванні ў ваеннай сферы могуць быць накіраваны 90 млн. еўра, на субсідыі абарончай прамысловасці – 500 млн. еўра.

“Такое павелічэнне ваеннага фінансавання будзе мець негатыўныя наступствы для бяспекі, у той час як адпаведны ўзровень інвестыцый у іншыя сектары паспрыяў бы прымірэнню, стабільнасці і росквіту – сапраўдных асноў бяспекі”, - сцвярджаецца ў дакуменце.

Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў заклікала Еўрасаюз звярнуць увагу на “моладзевае беспрацоўе, рэгіянальнае эканамічнае развіццё і сацыяльныя пытанні, асабліва ва Усходняй і Паўднёвай Еўропе” і запрасіла хрысціян еўрапейскіх краін да ўдзелу ў сумесным з мясцовымі ўладамі абмеркаванні іх ролі ў далейшым развіцці абарончай палітыкі Еўрасаюза.

Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў (CEC) была заснавана ў 1959 г. у мэтах садзейнічання прымірэнню, дыялогу і сяброўству паміж Цэрквамі Еўропы ў перыяд нарастання халоднай вайны, палітычнай напружанасці і падзелаў. У склад асацыяцыі ўваходзяць пратэстанцкія, праваслаўныя, англіканскія і старакаталіцкія супольнасці – усяго 115 Цэркваў. Каталіцкі Касцёл не мае статусу члена.








All the contents on this site are copyrighted ©.