cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Дакументы і звароты

Папа: наваколле – выраз прадбачлівай любові Бога да чалавека

Папа: наваколле – выраз прадбачлівай любові Бога да чалавека - ANSA

14/07/2017 14:21

Павага, адказнасць і ўзаемныя стасункі – тры ключавыя складнікі, неабходныя для супрацоўніцтва ў задавальненні асноўных патрэб сучаснага грамадства, гаворыцца ў адмысловым пасланні папы Францішка да ўдзельнікаў Міжнароднага экалагічнага кангрэса “Laudato si’ і буйныя гарады”, які праходзіць 13-15 ліпеня 2017 г. у бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра.

“Мы атрымалі навакольнае асяроддзе як каштоўны дар і павінны імкнуцца да таго, каб наступныя пакаленні маглі працягваць захапляцца і цешыцца ім. Такой беражлівасці трэба навучаць, важна яе распаўсюджваць”, – гаворыцца ў звароте Пантыфіка.

Чыстая пітная вада, як і іншыя прыродныя элементы, з’яўляецца выразам уважлівай і прадбачлівай любові Бога да кожнага са сваіх стварэнняў і, у той жа час, адным з асноўных чалавечых правоў, якое павінна быць гарантавана. Недахоп пітной вады ставіць пад пагрозу жыццё мільёнаў людзей, а яе забруджванне пераўтварае яе ў разносчыка захворванняў. “Павышэнне ўвагі да свядомага і паважлівага стаўлення да наваколля – абавязак кожнага грамадзяніна”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа выказаў перакананне, што менавіта людское бяздзеянне – адносна пагаршэння якасці паветра ці безадказнага абыходжання са смеццем і адходамі – становіцца прычынай шматлікіх трагедый. Такая пасіўнасць з’яўляецца “прыкметай страты пачуцця адказнасці за іншых, на якім засноўваецца любое цывілізаванае грамадства”. Ад уладаў на месцах чакаюцца адказныя і крэатыўныя дзеянні, якія б далучалі жыхароў да супрацоўніцтва ў стварэнні больш здаровага і прыдатнага да жыцця агульнага дома.

Нарэшце, Папа звярнуў увагу на асаблівую значнасць адкрытых стасункаў, узаемнай зацікаўленасці і пачуцця еднасці паміж людзьмі, у якіх мае патрэбу сучасны свет. “Няспынны паток людзей стварае шматкультурнае плюралістычнае грамадства, і гэта добра, бо ўзбагачае і спрыяе сацыяльнаму і персанальнаму развіццю; адначасова, аднак, штурхае да закрытасці і абыякавасці. Ізаляцыя асобных людзей, іх пазбаўленне сваіх каранёў з’яўляецца формай беднасці, якая можа прывесці да сегрэгацыі, насілля і несправядлівасці. Чалавек жа закліканы да таго, каб любіць і быць любімым”, - падкрэсліў Пантыфік. Таму важна, каб сумесныя намаганні палітычных, адукацыйных і рэлігійных устаноў вялі да пашырэння добразычлівых узаемадносін, да стварэння сеткі адзінства і пачуцця прыналежнасці. Толькі так можна забяспечыць умовы для годнага жыцця, выказаў упэўненасць Францішак.

Арганізатарамі Міжнароднага кангрэса “Laudato si’ і буйныя гарады” выступіў барселонскі Фонд “Антоніа Гаудзі для буйных гарадоў” у супрацоўніцтве з архідыяцэзіяй Рыа-дэ-Жанэйра. Форум адкрыў кардынал Пітэр Тарксан, прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека.


14/07/2017 14:21