cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Экуменізм

Святы Пасад бачыць станоўчыя тэндэнцыі ў экуменічным руху

Святы Пасад бачыць станоўчыя тэндэнцыі ў экуменічным руху - AP

14/07/2017 14:30

Кс. Авеліна Гансалес-Фэрэр, супрацоўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, пракаментаваў важную для экуменічнага працэсу падзею – падпісанне 5 ліпеня 2017 г. Сусветным Саюзам Рэфармацкіх Цэркваў “Сумеснай Дэкларацыі аб дактрыне апраўдання”, дагэтуль прызнанай католікамі, лютэранамі і метадыстамі. Адпаведны артыкул святара апублікавала 13 ліпеня 2017 г. ватыканскае выданне “L’Osservatore Romano”.

“Вучэнне аб апраўданні стала вырашальным момантам дыскусіі паміж лютэранамі і католікамі рымскага абраду ў XVI ст. і галоўнай прычынай пратэстанцкай рэформы. Лютэр сцвярджаў, што збаўленне дасягаецца толькі праз веру ў збаўчую моц Хрыста, без неабходнасці заслужваць яе добрымі ўчынкамі. Каталіцкае вучэнне казала, што адной веры не дастаткова”, - нагадаў святар.

Трыццаць гадоў двухбаковых дыскусій і перамоў, распачатых у 1970 г., прывялі католікаў і лютэран да падпісання 31 кастрычніка 1999 г. сумеснай дэкларацыі, якая засведчыла згоду па гэтым пытанні. “Мы разам вызнаем, што не на аснове нашых заслуг, але толькі праз дзеянні ласкі і праз веру ў збаўчую моц Хрыста, мы становімся прынятымі Богам і атрымліваем Духа Святога, Які абнаўляе нашыя сэрцы, навучае і заклікае нас здзяйсняць добрыя ўчынкі”, - гаворыцца ў сумесным дакуменце, да якога ў 2006 г. далучыліся і метадысты.

Цяпер трохбаковы кансенсус дапоўнілі рэфарматы. Падпісанне Сумеснай дэкларацыі Сусветным Саюзам Рэфармацкіх Цэркваў адбылося ў касцёле Святой Дзевы Марыі ў нямецкім Вітэнбергу, там, дзе 500 гадоў таму Марцін Лютэр пакінуў свае знакамітыя 95 тэзісаў і дзе ў 1999 г. адбылося першапачатковае падпісанне каталіцка-пратэстанцкага дакумента.

Падчас цырымоніі біскуп Брайан Фарэл, сакратар Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, зачытаў пасланне папы Францішка, у якім падкрэсліваецца важнасць дадзенай падзеі, што, на думку Святога Айца, стане “красамоўным знакам нашага намагання ісці наперад разам, як браты і сёстры ў Хрысце, па шляху ад канфлікту да адзінства, ад падзелу да ўз’яднання”.

Наступнымі крокамі павінны стаць далейшыя разважанні адносна сучаснага значэння дактрыны аб апраўданні праз веру з улікам “кантэксту пост-хрысціянскага свету”, дзе “сапраўднае значэнне граху і свабода ў Хрысце праз дзянне Яго ласкі аказаліся цалкам забытымі”, напісаў кс. Гансалес-Фэрэр.


14/07/2017 14:30