2017-07-14 14:53:00

Эксперт патлумачыў матывы выдання ліста адносна Эўхарыстыі


Выдадзены Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў цыркулярны ліст “Пра хлеб і віно для Эўхарыстыі”, падрыхтаваны па даручэнні папы Францішка, патрабуе ад біскупаў увагі і пільнасці да пытання іх якасці. Існуе цесная сувязь паміж сакрамэнтальнай таямніцай Цела і Крыві Хрыста і знакамі, якія ўспрымаюцца праз пачуцці, адзначыў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кансультант узгаданай дыкастэрыі, кс. Клаўдыё Маньёлі. Італьянскі літургіст звярнуў увагу, што і ва Усходніх Касцёлах, хоць няма патрабавання ужываць прэсны хлеб, гэта заўсёды павінен быць сапраўдны пшанічны хлеб.

“Калі адсутнічаюць гэтыя элементы – хлеб не зрозблены з пшаніцы, а віно з вінаграду – можна сказаць з упэўненасцю, што Эўхарыстыя не здзяйсняецца. Яна – несапраўдная, бо не адпавядае таму, што ўстанавіў Хрыстус”, - падкрэсліў святар.

Ён патлумачыў, што існуюць злоўжыванні, выкліканыя свайго роду “тэалогіяй інкультурацыі”, згодна з якой Езус выбраў хлеб і віно проста як элементы міжземнаморскай культуры, да якой належаў. Таму некаторыя тэолагі, а пазней пастаралісты прапанавалі выкарыстоўваць на розных кантынентах замест віна напоі, характэрныя для іх культуры, а замест пшаніцы іншыя зернавыя. Больш за тое, выходзячы за межы тэорыі, некаторыя пачалі на практыцы прымяняць такі падыход, ідучы насуперак правілу Касцёла, які ў гэтым пытанні заўсёды быў цвёрда перакананы і нязменны, - патлумачыў эксперт матывы выдання ліста Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.