2017-07-15 14:22:00

Грэцыя: дапамога Папы прызначана на адбудову школы і цэркваў


Папская дапамога ахвярам землятрусу на грэчаскім востраве Лесбас будзе прызначана на рэканструкцыю школы і цэркваў. На гэтым тыдні там пабывала дэлегацыя Апостальскай нунцыятуры ў Грэцыі, якая павінна была вырашыць, як выдаткаваць 50 тыс. еўра, падараваныя Францішкам.

Кс. Масіма Катэрын, часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Афінах, і каталіцкі арцыбіскуп Нікалаас Прынтэзіс сустрэліся з мэрам Лесбаса і прадстаўнікамі мясцовай Праваслаўнай Царквы, а таксама наведалі параненых у раёне чэрвеньскага землятрусу.

Было вырашана, што 30 тыс. еўра будуць выкарыстаны для рамонту пашкоджанай школы ў Поліхнітас, каб яна магла адчыніць свае дзверы ў верасні, калі ў Грэцыі пачнецца навучальны год. Іншыя 20 тыс. еўра пяройдуць у распараджэнне праваслаўнага Мітрапаліта Якава і будуць прызначаны на рамонт пашкоджаных храмаў. Адзін з іх, царква св. Канстантына, цалкам разбурана.

У выніку землятрусу ў 6,3 бала, які адбыўся на Лесбасе, адзін чалавек загінуў, дзесяткі будынкаў былі разбураны. Трэба нагадаць, што ў красавіку 2016 г. Францішак наведаў гэты востраў, каб сустрэцца там з бежанцамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.