2017-07-15 16:38:00

Распрацаваны сайт Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця


З 14 ліпеня 2017 г. пачаў працу новы сайт ватыканскай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

“Новы партал, акрамя справаздачы аб дзейнасці дыкастэрыі, жадае стаць гасцінным і сяброўскім месцам для свецкіх вернікаў і для сем’яў і прапаноўваць усім магчымасць быць пачутымі. Таму мы вырашылі пакінуць месца і для сацыяльных сетак, якія, маем надзею, дазволяць нам увайсці ў дыялог з тымі, хто пажадае ісці за намі”, - гаворыцца ў паведамленні з нагоды запуску праекта, змешчаным на галоўнай старонцы партала.

На сайце, даступным па адрасе www.laityfamilylife.va, змешчаны новы лагатып дыкастэрыі, які ўвасабляе “абдымкі, што агортваюць усіх свецкіх вернікаў і ўсе сем’і свету”: у левай часцы малюнка бачны выявы вернікаў, якія падтрымліваюць каланаду плошчы св. Пятра ў Ватыкане, якая, ў сваю чаргу, бярэ іх і асобныя сем’і ў свае абдымкі. Нарэшце, квітнеючыя расткі па баках каланады з’яўляюцца сімвалам жыццядаўчай сутнасці сям’і, патлумачылі ініцыятары ідэі.

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця працуе з 1 верасня 2016 г. Яна замяніла сабой Папскія рады па справах свецкіх і па справах сям’і. Новаўтвораную ватыканскую структуру ўзначальвае кардынал Кэвін Джозэф Фарэл. Місія ўстановы – пашыраць і рэалізаваць у асяроддзі Касцёла праекты, якія датычаць інстытута сужэнства і сям’і, апостальства свецкіх вернікаў і абароны жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.