2017-07-17 14:38:00

Ватыканскі прэфект з візітам салідарнасці ва Украіне


Прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў завяршыў 17 ліпеня 2017 г. свой тыднёвы пастырскі візіт ва Украіну. Кардынал Леанарда Сандры наведаў, між іншым гарады ва ўсходняй частцы краіны, пацярпелыя ад ваенных дзеянняў. Запрасіў ватыканскага іерарха вярхоўны архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук.

Папа Францішак прасіў кардынала Сандры перадаць свае прывітанні і благаслаўленне усім украінскім католікам абодвух абрадаў, праваслаўным братам і сёстрам і ўсім людзям добрай волі. Як гаворыцца ў паведамленні Кангрэгацыі, Святы Айцец выказаў сваю любоў і блізкасць да жыхароў Украіны, якія нясуць цяжар нягодаў і пакутуюць з-за ўзброенага канфлікту. Ён выказаў удзячнасць усім, хто працуе на карысць міру і паяднання, паважаючы закон, дапамагаючы сваімі справамі міласэрнасці і салідарнасці шматлікім патрабуючым і бежанцам.

Падчас візіту прадстаўнік Святога Пасаду прыняў удзел у Боскай літургіі ў сталічным грэка-каталіцкім кафедральным саборы, сустрэўся з семінарыстамі, у Харкаве наведаў мясцовае аддзяленне “Caritas”, у Краматорску сустрэўся з духавенствам Данецкага экзархата, у Славянску наведаў каталіцкую парафію і сацыяльны цэнтр, размаўляў з бежанцамі, у Івана-Франкоўску далучыўся да штогадовай грэка-каталіцкай нацыянальнай пілігрымкі ў марыйны санктуарый у Зарваніцэ. Завяршыў свой візіт кардынал Сандры ў Львове, дзе, між іншым, сустрэўся мясцовым рыма-каталіцкім арцыбіскупам Мечыславам Макшыцкім.

Апрача касцёльнай часткі праграмы, іерарх наведаў у Кіеве Музей Галадамору і ўшанаваў памяць загінулых, маліўся ля мемарыяльнага крыжа на плошчы Незалежнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.