2017-07-18 15:15:00

Святы Пасад у ААН: сусветныя рэлігіі і ўстойлівае развіццё


Рэлігійныя супольнасці і вернікі застаюцца “душой і свядомасцю” Павесткі дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г., адзначыў пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў ААН, арцыбіскуп Бернардзіта Аўса 17 ліпеня 2017 г. у Нью-Ёрку падчас міжнароднай дыскусіі на тэму мабілізацыі рэлігій для вынішчэння беднасці і пашырэння міру.

Мэты ўстойлівага развіцця накіраваны на забеспячэнне дабрабыту людзей, аднак іх рэалізацыя можа быць эфектыўнай толькі пры ўмове яснага разумення таго, хто мы, куды ідзём, як павінны навучаць адзін аднаго, што лічыць добрым, сапраўдным і прыгожым, сказаў ватыканскі прадстаўнік. Па яго словах, менавіта сусветныя рэлігіі здольныя даць адказы на гэтыя пытанні. У адваротным выпадку, мэты, інтэрпрэтаваныя праз прызму матэрыялістычнай, індывідуалістычнай ці геданістычнай філасофій, аўтаматычна выключаць з поля нашай увагі і клопату “найбольш слабых ці невыгодных” асоб, перасцярог арцыбіскуп Аўса.

“Таму жыццёва важна, каб рэлігійныя лідэры, супольнасці і асобныя вернікі дапамагалі пашыраць, з адвагай і настойлівасцю, тое, што можна назваць душой або свядомасцю стратэгіі ўстойлівага развіцця. У эпоху гнасеалагічнага і этычнага рэлятывізму мы павінны дапамагчы людзям захаваць разуменне праўды і дабра”, - заклікаў іерарх.

Рэлігійныя дзеячы не з’яўляюцца ні палітыкамі, ні навукоўцамі – іх роля заключаецца ў тым, каб натхняць людзей да дзейнасці, нагадваючы пры гэтым аб глыбіннай сутнасці ўсіх іх спраў і ўчынкаў. Іншымі словамі, рэлігіі могуць спрыяць дасягненню мэтаў устойлівага развіцця праз вонкавы выраз сваіх вераванняў і маральных прынцыпаў, патлумачыў арцыбіскуп Аўса.

У рэшце рэшт, сапраўднымі паказчыкамі ўстойлівага развіцця будуць не колькасныя, але якасныя. Яны будуць этычнымі, увасобленымі ў сфарміраванасці лепшых людзей, якія ўспрымаюць адзін аднаго як братоў і сясцёр, якія ўсведамляюць, што з’яўляюцца распарадчыкамі дару ўсяго стварэння і нясуць адказнасць за яго перадачу наступным пакаленням у лепшым стане, падкрэсліў ватыканскі дыпламат.

На яго думку, чым больш шчыльна будуць супрацоўнічаць паміж сабой і з міжнароднай супольнасцю рэлігійныя лідэры, тым больш значным будзе іх унёсак у дасягненне мэтаў устойлівага развіцця і “інтэгральнай экалогіі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.