2017-07-19 12:38:00

Цэнтральная Афрыка: новы шпіталь на сродкі Ватыкана


На днях у сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, горадзе Бангі, быў закладзены вуглавы камень новай педыятрычнай бальніцы – праекта, які здзяйсняецца пры фінансавай падтрымцы ватыканскага фонду “Bambino Gesù”.

Цырымонію, на якой прысутнічалі прэм’ер-міністр і шэраг дзяржаўных чыноўнікаў, а таксама мэр горада, узначаліў Прэзідэнт краіны Фастэн-Аршанж Туадэра. Святы Пасад прадстаўлялі супрацоўнікі Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы і старшыня фонду “Bambino Gesù” Марыэла Энок.

Гаворка ідзе пра рэканструкцыю старога корпуса існуючай бальніцы, які па сутнасці пуставаў. Новы будынак стане аддзяленнем для дзяцей з недаяданнем – вельмі цяжкай і, на жаль, шырока распаўсюджанай у краіне паталогіяй. Дагэтуль яны мясціліся ў палатках. Падчас будаўніцтва тэрыторыя бальніцы будзе пашырана. Апроч лячэбных памяшканняў будзе прадугледжаны адукацыйны сектар для маці. Працы распачнуцца адразу пасля дэтальнага геалагічнага і структрурнага аналізу пляцоўкі.

Ватыканскі фонд “Bambino Gesù” далучыўся да рэалізацыі праекта ў Бангі вясной 2016 г., пасля таго як папа Францішак урачыста адкрыў Надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці, пачаўшы з наведвання менавіта сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, дзе выказаў пажаданне, каб Каталіцкі Касцёл аказваў канкрэтную дапамогу мясцовым жыхарам, галоўным чынам, хворым дзецям.

З таго часу ватыканская педыятрычная клініка “Bambino Gesù” пачала аплачваць працу медыкаў і санітарнага персаналу бальніцы ў Бангі. У будынку былі праведзены працы па замене біялагічнага фільтра, санітарна-тэхнічнага абсталявання, душавых памяшканняў.

Першы станоўчы вынік выявіўся ў статыстыцы дзіцячай смяротнасці ў краіне, якая ўжо пэўны час дэманструе тэндэнцыю да змяншэння.

У верасні 2017 г. на сродкі фонду “Bambino Gesù” на медыцынскім факультэце Дзяржаўнага ўніверсітэта Бангі распачнуцца вучэбныя курсы для будучых педыятраў, якія потым будуць накіраваны на працу ў новую бальніцу.








All the contents on this site are copyrighted ©.