2017-07-20 14:04:00

Святы Пасад: важна спрыяць уз’яднанню сем’яў мігрантаў


Меры па вырашэнні міграцыйнага пытання павінны ўлічваць сямейны аспект, бо разрыў сувязей з роднымі, непазбежны ў выніку пераезду ў чужую краіну, толькі ўзмацняе ўразлівасць стану мігрантаў, адзначыў арцыбіскуп Іван Юркавіч, Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, 18 і 19 ліпеня 2017 г. падчас Міжнароднай дыскусіі на тэму міграцыі.

Ватыканскі іерарх у чарговы раз паўтарыў пазіцыю Святога Пасаду, згодна з якой праблема міграцыі патрабуе комплекснага, інтэгральнага падыходу з прыярытэтам на чалавечай асобе. Гэта найлепшы спосаб выяўлення і пераадолення згубных стэрэатыпаў, пазбягання сацыяльнай стыгматызацыі па тых ці іншых прыкметах, падкрэсліў арцыбіскуп Юркавіч.

Тым жа прынцыпам трэба кіравацца і пры ацэнцы патрэб мігрантаў. Асаблівую ўвагу прадстаўнік Апостальскай Сталіцы засяродзіў на асабістых адносінах мігранта з яго сям’ёй – “рэчаіснасці, якая часта ўпускаецца ў дыскусіях на тэму міграцыі”. “На жаль, вельмі часта міграцыя вядзе да двайной уразлівасці – як самога мігранта, так і яго сям’і”, – адзначыў іерарх. Рашэнне мігрыраваць – адно з найбольш складаных у жыцці, дадаў ён.

Таму ў выпрацоўцы Сусветнай канвенцыі па міграцыі, у напрамку якой рухаецца ААН, сямейны аспект павінен брацца пад увагу, выказаў упэўненасць арцыбіскуп Юркавіч. “Сям’я – гэта аснова, на якой можа квітнець стабільная сацыяльная, культурная і эканамічная сітуацыя”, - дадаў ён. Таму прымаючыя краіны павінны паважаць гэты аспект у працэсе інтэграцыі мігрантаў і распрацоўваць меры, якія б спрыялі ўз’яднанню іх сем’яў.

Нарэшце, ватыканскі дыпламат нагадаў перасцярогу папы Францішка адносна самога працэсу інтэграцыі – гэта “не асіміляцыя і не зліццё”, але ўзаемнаўзбагачальны працэс. Краіны, якія прымаюць мігрантаў, павінны паважліва ставіцца да ідэнтычнасці і культурных асаблівасцей новапрыбыўшых. У той жа час, мігранты павінны захоўваць законы і правілы, на якіх будуецца грамадскі лад іх новага месца жыхарства.








All the contents on this site are copyrighted ©.