2017-07-20 12:24:00

Францішак адказаў на ліст 9-гадовага хлопчыка


Папа Францішак атрымаў ліст ад 9-гадовага хлопчыка, які разам з групай у 350 чалавек, з якіх амаль 130 – дзеці з інваліднасцю, 22-26 чэрвеня 2017 г. прыняў удзел у 44-й “Пілігрымцы радасці” ў Ларэта, арганізаванай італьянскай дабрачыннай асацыяцыяй “UNITALSI”, што займаецца правядзеннем пілігрымак для непаўнаспраўных асоб.

Маленькі Андрэа вырашыў напісаць Святому Айцу, каб ад імя ўсіх дзяцей, якія здзейснілі падарожжа, падзяліцца ўражаннямі і пачуццямі. “Учора мы зрабілі сумесны фотаздымак. Я вырашыў адправіць яго табе ў якасці падарунка: так ты ўсіх нас убачыш, хоць і былі дзеці, якія не маглі здымацца. Аднак мы знаёмыя адзін з адным і кажам табе, што мы цябе любім”, – напісаў хлопчык.

Андрэа папрасіў Папу аб дзвюх рэчах: гледзячы на высланы фотаздымак, благаславіць усіх удзельнікаў пілігрымкі і далучыцца да наступнай такой паездкі, у чэрвені будучага года: “Уяўляеш, як гэта было б цудоўна!” – звярнуўся хлопчык да Пантыфіка. “А цяпер я з табой развітваюся і, калі б мог, я абняў бы цябе, як абдымаю маму з татам”, - напісаў Андрэа.

Францішак быў вельмі крануты гэтым шчырым прывітаннем ад маленькіх італьянскіх вернікаў і вырашыў адказаць Андрэа, а праз яго – і ўсім удзельнікам пілігрымкі. Папа запэўніў, што ўзносіць малітвы да Маці Божай Ларэтанскай кожны раз, калі ўзіраецца ў фотаздымак, просячы аб благаслаўленні для дзяцей, іх бацькоў, святароў, валанцёраў і супрацоўнікаў “UNITALSI”.

“Дзякуй за запрашэнне да ўдзелу ў пілігрымцы разам з вамі. Быць побач з дзецьмі – найбольшая радасць для мяне”, - напісаў Папа і, нагадаўшы вядомую прымаўку “Ніколі не кажы ніколі”, даручыў Божаму Провіду гэтую мару.

Базыліка Санта-Каза ў Ларэта з’яўляецца адным з самых знакамітых італьянскіх санктуарыяў. Там захоўваецца дом, у якім, як лічыцца, жыла і сустрэлася з арханёлам Габрыэлем Найсвяцейшая Панна Марыя. Дабрачынная асацыяцыя “UNITALSI” арганізуе аўтобусныя пілігрымкі ў гэты італьянскі гарадок з 1936 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.