2017-07-22 13:45:00

Канцлер Папскай акадэміі навук: мэты ААН і Касцёла сугучныя


Мы жывем у “цудоўны час”, таму што ўпершыню вучэнне Папы, згоднае з Евангеллем, адпавядае таму, што кажа Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. Такое меркаванне выказаў біскуп Марсэла Санчэс Саронда, канцлер Папскай акадэміі навук і Папскай акадэміі сацыяльных навук у сваёй прамове падчас летняга курса “Пытанне пра Бога ва ўніверсітэце” ў Валенсіі.

Ён падкрэсліў, што “Пантыфік імкнецца выкараніць беднасць і голад у свеце”, і такой жа з’яўляецца першая з Мэтаў устойлівага развіцця ААН. Аргентынскі іерарх адзначыў, што Мэты былі прынятыя аднагалосна ў 2015 г. Сімвалічна, што галасаванне адбылося пасля выступлення Францішка на Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і публікацыі  яго энцыкліцы “Laudato si’”.

Біскуп Саронда адзначыў, што мільёны людзей па-ранейшаму галадаюць, і гэта з’ўляецца сапраўдным скандалам, бо ніколі ў гісторыі яшчэ не было так шмат багацця ў свеце, як цяпер. Ён спаслаўся на ФАО – Арганізацыю ААН па пытаннях харчавання і сельскай гаспадаркі, якая паінфармавала, што праблема – у дрэнным размеркаванні тавараў. “Без сумневу, сёння мы павінны змяніць эканамічную структуру, якая імкнецца выключна да прыбытку”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Трэба нагадаць, што два гады таму ў сваім выступленні ў ААН Францішак заклікаў кіраўнікоў дзяржаў забяспечыць усіх тым мінімумам, які дазваляе весці годнае жыццё: на матэрыяльным узроўні – гэта дом, праца, зямля, а на духоўным – свабода, у тым ліку рэлігійная, права на адукацыю і іншыя грамадзянскія правы.








All the contents on this site are copyrighted ©.